Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы прызналі, што пад Марыюпалем забіты намесьнік камандуючага расейскага Чарнаморскім флётам


Андрэй Палій
Андрэй Палій

Намесьнік камандуючага расейскім Чарнаморскім флётам капітан 1-га рангу Андрэй Палій забіты падчас баёў пад украінскім Марыюпалем. Пра гэта паведамілі ў нядзелю ў тэлеграме расейскі губэрнатар Севастопаля ў анэксаваным Крыме Міхаіл Развазжаеў і сэнатарка Кацярына Алтабаева.

Палій стаў адным з некалькіх высокапастаўленых расейскіх вайскоўцаў, аб гібелі якіх паведамлялася падчас вайны з Украінай. Украінскі бок, у прыватнасьці, заяўляе, што з пачатку вайны былі забітыя ўжо пяцёра расейскіх генэралаў, Масква гэта не камэнтуе.

Палій нарадзіўся ў 1971 годзе ў Кіеве. У 1992 годзе скончыў Кіеўскае вышэйшае ваенна-марское палітычнае вучылішча. Быў намесьнікам камандзіра роты ў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Адмовіўся прымаць прысягу Ўкраіне і перайшоў служыць на Паўночны флёт Расеі.

У 2014 годзе быў прызначаны намесьнікам начальніка Чарнаморскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча імя Нахімава па ваенна-палітычнай рабоце. З 2019 года быў намесьнікам камандуючага Балтыйскім флётам па ваенна-палітычнай рабоце. У 2020 годзе пераведзены на тую ж пасаду на Чарнаморскі флёт. Прымаў удзел у вайне Расеі з Грузіяй у 2008 годзе, быў намесьнікам камандуючага расейскімі войскамі ў Сірыі.

На флёце загінулы афіцэр займаў адміральскую пасаду. Севастопальскае выданьне ForPost сьцьвярджае, што перад гібельлю на яго рыхтаваліся дакумэнты аб прысваеньні званьня контар-адмірала.

Украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што менш чым за месяц з пачатку ўварваньня расейскае войска страціла больш за 14 тысяч чалавек, не ўдакладняючы, колькі з іх загінуўшых, а колькі — параненых.

Газета The New York Times, цытуючы крыніцы ў выведцы ЗША, заяўляла, што расейскае войска страціла 7 тысяч чалавек забітымі. Гэта больш, чым у першую чачэнскую вайну і набліжаецца да стратаў у другой чачэнскай вайне. Афіцыйна гэтыя дадзеныя не камэнтаваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG