Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас вайны ва Ўкраіне забілі першага расейскага генэрала


Расейскі генэрал Андрэй Сухаверхі
Расейскі генэрал Андрэй Сухаверхі

Дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка паведаміў аб зьнішчэньні на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці «першага расейскага генэрала-акупанта» з часу маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага.

«Спадары генэралы, дакладайце наверх, што ўварваньне ва Ўкраіну — гэта крывавая авантура, якая загубіць Расею, калі яе не спыніць неадкладна! Украіна — гэта ваш Афганістан. Толькі 10 гадоў да развалу Расеі чакаць не давядзецца! Укладзёмся за месяц! — напісаў у фэйсбуку Антон Герашчанка.

Пра тое, што намесьнік камандуючага 41 агульнавайсковай арміяй Цэнтральнай вайсковай акругі Расеі генэрал-маёр Андрэй Сухавецкі быў забіты падчас вайны з Украінай, паведаміў у Telegram, не назваўшы крыніцы, ваенны карэспандэнт расейскай «Комсомольской правды» Аляксандар Коц, якога лічаць вельмі інфармаваным з расейскага боку.

Гэтую інфармацыю карэспандэнту расейскай службы Радыё Свабода пацьвердзілі таксама ў Кіраўскім абласным аддзяленьні Ўсерасейскай грамадзкай арганізацыі вэтэранаў «Баявое братэрства». Міністэрства абароны Расеі афіцыйна гібелі яго не пацьвярджала.

47-гадовы Сухавецкі быў прызначаны намесьнікам камандуючага войскам увосень 2021 году. Да гэтага ён тры гады камандаваў 7-й дэсантна-штурмавой дывізіяй у Наварасійску. Ён скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную вучэльню, Вайсковую акадэмію імя Фрунзэ і Акадэмію Генэральнага штабу.

Ён двойчы ўдзельнічаў у «парадзе перамогі» на Краснай плошчы, быў узнагароджаны двума ордэнамі Мужнасьці, ордэнам «За вайсковыя заслугі» і мэдалём «За адвагу». Удзельнічаў у баявых дзеяньнях на Паўночным Каўказе, Абхазіі, Сырыі, быў узнагароджаны за ўдзел у анэксіі Расеяй Крыму.

Ён стаў навышэйшым расейскім вайсковым чынам, пра гібель якога падчас вайны з Украінай стала вядома да 3 сакавіка. Увогуле, як заявіла Міністэрства абароны Расеі вечарам 2 сакавіка, падчас вайны ва Ўкраіне загінулі 498 расейскіх вайскоўцаў, паранены 1597.

Генштаб Украіны між тым паведамляе, што страты асабовага складу арміі Расеі з пачатку маштабнага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны (з 24 лютага па 4 сакавіка) ўжо складаюць каля 9166 чалавек.

Незалежнага пацьверджаньня зьвестак аб стратах арміі Расеі ва Ўкраіне пакуль няма.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG