Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Украіны ў Беларусі: «Калі нехта думае, што ўкраінцы перастануць супраціўляцца — узгадайце, хто казаў, што вайна працягнецца тры дні»


Ігар Кізім
Ігар Кізім

Украінскі пасол у Менску адрэагаваў на шэраг заяў Аляксандра Лукашэнкі падчас інтэрвію японскаму тэлеканалу TBS, якое той даў 17 сакавіка.

У апошнія дні ў беларускую мэдыяпрастору «пачалі „зьверху“ ўкідвацца наратывы», якія сур’ёзна «скрыўляюць рэальную карціну» вайны, разьвязанай Расеяй супраць украінскага народу, напісаў у Фэйсбуку пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

«Складваецца меркаваньне, што „наверх“ падаецца неаб’ектыўная інфармацыя ад беларускіх адпаведных ведамстваў, а тая, якую хочуць чуць расейцы. Інакш не магу растлумачыць, адкуль на 20-ы дзень вайны ўзялася інфармацыя пра тое, што Ўкраіна ў дзень пачатку расейскага ўварваньня 23-24 лютага зьбіралася нанесьці ўдары па Беларусі, ды яшчэ з чатырох кропак? Трэба быць апошнім дылетантам у вайсковай справе, каб не зразумець, што Ўкраіна не магла б першай страляць на палескім кірунку, паколькі гэта азначала б адкрыць яшчэ адзін фронт, ужо маючы рэальныя пагрозы з боку Расеі на Данбасе і з боку Крыма».

Таксама Кізім згадаў і гісторыю пра «Точку-У».

«А потым гэтая гісторыя зь «як мінімум дзьвюма ўкраінскімі „Точками-У“, якія нібыта былі зьбітыя над Прыпяцьцю... Бо наадварот, гэта з тэрыторыі Беларусі (аэрадромы Лунінец, Баранавічы, Ліда) узьлятаюць расейскія самалёты і бамбуюць украінскія гарады ў Жытомірскай, Чарнігаўскай, Кіеўскай і іншых вобласьцях Украіны. І гэта зафіксавана сродкамі аб’ектыўнага кантролю, аб гэтых фактах рэгулярна інфармуецца МЗС і Мінабароны Беларусі. Але, напэўна, „наверх“ падаецца іншая інфармацыя», — выказаў меркаваньне дыплямат.

Кізім падкрэсьліў, што двое беларускіх дальнабойнікаў 10 сакавіка «былі забітыя ў Корасьцені менавіта расейскай бомбай, скінутай расейскім самалётам, які вылецеў зь Беларусі».

«Гэта да яшчэ аднаго наратыву пра тое, што „мы не нападаем на Ўкраіну“ і „мы не бамбуем Украіну“. Беларусы — не, а вось расейцы з тэрыторыі Беларусі — так. Але, па сутнасьці, гэта саўдзел у агрэсіі, і ўспрымаецца ўкраінцамі менавіта так. Заявы пра тое, што „Захаду“ ня ўдасца ўцягнуць Беларусь у расейска-ўкраінскі канфлікт, — гэта ўжо неактуальна. Беларусь ужо ўцягнутая ў гэты канфлікт, і „ўцягнула“ яе туды Расея».

Камэнтуючы словы Лукашэнкі наконт заключэньня дамовы аб спыненьні вайны, Кізім заявіў, што Ўкраіна «больш за ўсіх зацікаўленая ў гэтым і ў доўгатэрміновым міры».

«Але тое, што я бачыў як непасрэдны ўдзельнік перамоваў у Белавежы, у расейскім праекце, гэта, хутчэй, выкладаньне патрабаваньняў, а не „варыянт“ дамовы. І калі кажуць, што Ўкраіне „прапануюць абсалютна прымальны варыянт дамовы“, вельмі хацелася б убачыць менавіта такі „варыянт“ або пачуць хаця б нейкія яго „прымальныя“ палажэньні. Ну, напрыклад, пра спыненьне агню, пра тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, пра рэальныя гарантыі бясьпекі».

На думку Кізіма, дзіўным выглядае агучанае Лукашэнкам «расейскае патрабаваньне спачатку падпісаць праект мірнай дамовы, і толькі пасьля гэтага расейскія войскі перастануць бамбаваць украінскія гарады і мірных жыхароў». Ён падкрэсьліў, што «звычайна ўсё адбываецца акурат наадварот, і гэта адна з умоў любых перамоваў».

«А калі нехта думае, што ўкраінцы перастануць супраціўляцца акупацыі, то ўзгадайце тых, хто казаў, што калі Расея пачне вайну супраць Украіны, то яна працягнецца максымум тры дні. А ўжо тры тыдні. І ніводнага сур’ёзнага посьпеху для расейскіх акупантаў, а толькі адны „непрыемныя нечаканасьці“ — значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы і яшчэ большая кансалідацыя ўкраінскага народу ў барацьбе супраць рашыстаў і іх памагатых».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG