Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь СІЗА вызвалілі яшчэ траіх фігурантаў па справе TUT.ВY, аднак абвінавачаньні ня зьнятыя


Аляксандар Дайнека, намеснік дырэктара Tut.by па тэхнічных пытаньнях
Аляксандар Дайнека, намеснік дырэктара Tut.by па тэхнічных пытаньнях

Са сьледчага ізалятара вызваленыя яшчэ трое фігурантаў так званай справы TUT.ВY.

Пра гэта паведамляе Zerkalo.io і называе вызваленых:

  • галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку навінаў Вольга Лойка,
  • намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека,
  • мэнэджар Publisher Box Андрэй Аўдзееў.

Ім зьмянілі меру стрыманьня, аднак абвінавачаньні ня зьнятыя.

1 сакавіка зь СІЗА № 1 выйшлі былыя намесьнік галоўнага бухгальтара «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Марыя Новік, намесьнік генэральнага дырэктара па агульных пытаньнях Ірына Рыбалка і галоўны бухгальтар Анжэла Асад. Усе яны пад падпіскай аб неразгалошваньні.

13 жніўня 2021 году суд прызнаў інфармацыйную прадукцыю TUT.BY, а таксама праект былой каманды выданьня Zerkalo і яго сацсеткі экстрэмісцкімі рэсурсамі.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG