Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валюта толькі праз 14 дзён і праблемы з карткамі за мяжой. Якія абмежаваньні ўводзяць беларускія банкі


Чарга да банкамату ў Менску, 24 лютага 2022 году
Чарга да банкамату ў Менску, 24 лютага 2022 году

Пасьля ўвядзеньня заходніх санкцый да беларускіх банкаў у карыстальнікаў пачаліся праблемы з карткамі ды іншымі паслугамі банкаў. Глядзім, зь якімі цяжкасьцямі кліенты банкаў сутыкаюцца цяпер.

Праблемы са зьняцьцем валюты

Кліенты «Прыёрбанка» сутыкнуліся з праблемамі са зьняцьцем валюты. З паведамленьня на сайце банка вынікае, што, каб зьняць нават 10 даляраў, трэба аформіць замову. Разглядаць замову могуць да 14 дзён.

Максымальная сума, якую можна зьняць за адзін раз — 3 000 даляраў. Таксама папярэдняя замова патрабуецца пры зьняцьці больш як 1 000 рублёў.

Ліміты на набыцьцё валюты з рублёвых картак таксама ўвёў «МТБ Банк».

Абмежаваньні ў выдачы крэдытаў

У першы ж дзень вайны банк «БелВЭБ» перастаў выдаваць фізычным асобам некаторыя крэдыты, а потым абмежаваў крэдытныя лініі для бізнэсу. У той жа дзень у трымальнікаў картак Visa і MasterCard пачаліся праблемы зь іх выкарыстаньнем за мяжой. А ўнутры краіны карткі кліентаў банка працавалі зь перабоямі. Пазьней, паводле зьвестак прэс-службы «БелВЭБ», гэтую праблему часткова вырашылі.

«Цэптэр банк» перастаў выдаваць новыя крэдыты для фізычных асоб па праграмах «Цэптэр Клюб», «Овэрдрафт на картку», «Цэптэр онлайн».

«Белаграпрамбанк» перастаў выдаваць розьнічныя крэдыты з 25 лютага. Закрыта магчымасьць атрымаць такі крэдыт без паручальнікаў, раней такі выдаваўся на 5 гадоў пад стаўку ў 21,25%.

Праблемы з карткамі за мяжой і замежнымі пераводамі

25 лютага кліенты «Сбербанку» паведамлялі аб праблемах зь міжнароднымі пераводамі і працай банкаўскіх картак. Прэс-служба банку запэўнівала, што «ўсе сыстэмы і офісы працуюць у штатным рэжыме». Апэрацыі па зьняцьці і папаўненьні рахункаў у рублях і замежнай валюце даступныя без абмежаваньняў у офісах і банкаматах.

«Тэхнабанк» з 25 лютага абмежаваў плацяжы па картках банку за мяжой, гэта зьвязана з абмежаваньнямі, якія ўвяла сыстэма Visa. На цяперашні момант недаступныя ўсе апэрацыі па картках банку за мяжой, а таксама зьняцьцё гатоўкі за мяжой.

Кліенты «РРБ Банку» могуць выкарыстоўваць свае карткі толькі ўнутры Беларусі і толькі ў беларускіх рублях. Недаступнымі сталі плацяжы ў «Яндекс», Wildberries, AliExpress, Ozon.

«Белінвэстбанк» папярэдзіў, што кліенты – уладальнікі картак Mastercard могуць сутыкацца зь цяжкасьцямі пры аплаце за мяжой. Таксама праблемы з плацяжамі за мяжой тычацца картак Visa.

З 23 лютага «БНБ-банк» не працуе з сыстэмай грашовых пераводаў Western Union як у сваім банку, так і ў сэрвісных офісах «БелВЭБ», які зьяўляецца афіцыйным прадстаўніком сыстэмы ў Беларусі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG