Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для Беларусі толькі харчы і лекі». Заходнія кампаніі адмаўляюцца працаваць з афіцыйным Менскам


Фабрыка «Мэбелайн» у Магілёўскай вобласьці спыніла працу пасьля таго, як IKEA адмовілася зь імі супрацоўнічаць
Фабрыка «Мэбелайн» у Магілёўскай вобласьці спыніла працу пасьля таго, як IKEA адмовілася зь імі супрацоўнічаць

Вайна Расеі супраць Украіны стала прычынай новых эканамічных санкцый супраць Беларусі. Аднак некаторыя заходнія кампаніі пакідаюць беларускі рынак з уласнай ініцыятывы. Расказваем пра такія выпадкі.

«Нашы думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў»

«Лідзкае піва» — адзін з найстарэйшых беларускіх бровараў. У 2008 годзе 51% акцый прадпрыемства выкупіла фінская кампанія OLVI, гэта каштавала фінам 16 мільёнаў даляраў. Праз год OLVI давяла сваю долю ў беларускай кампаніі да больш як 87%. Брэнд пасьпяхова разьвіваўся, аднак 5 сакавіка 2022 году фіны паведамілі пра намер пакінуць Беларусь, нягледзячы на тое, што «Лідзкае піва» прыносіць пятую частку прыбыткаў кампаніі.

«Сытуацыя ва Ўкраіне надзвычай сур’ёзная, і нашы думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў. Мы рашуча асуджаем напад на Ўкраіну. Мы імкнёмся працаваць у адпаведнасьці з каштоўнасьцямі Olvi, і гэта адзінае разумнае рашэньне для забесьпячэньня доўгатэрміновай і адказнай дзейнасьці», — сказаў Пэнці Хакарайнэн, старшыня праўленьня Olvi.

Што будзе зь «Лідзкім півам» далей і куды пойдуць 840 супрацоўнікаў прадпрыемства, пакуль невядома. Фіны працягваюць плаціць ім заробак да моманту поўнага закрыцьця.

«Са шкадаваньнем інфармуем вас»

Швэдзкая карпарацыя ІКЕА паведаміла пра намер пакінуць Расею і Беларусь амаль адразу пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне. У Расеі гэты крок можа пакінуць бяз працы дзясяткі тысяч чалавек — супэрмаркеты карпарацыі ёсьць у кожным больш-менш вялікім расейскім горадзе. У Беларусі іх няма, аднак рашэньне швэдаў усё адно адаб’ецца на беларускіх вытворцах, якія супрацоўнічалі з ІКЕА. Прынамсі адна фабрыка ўжо паведаміла, што з 6 сакавіка ідзе ў вымушаны прастой.

«Са шкадаваньнем інфармуем вас аб часовым прыпыненьні працы ЗТАА „Мэбелайн“ у сувязі з шэрагам прычын, а менавіта: прыпыненьнем паставак шэрагам замежных пастаўшчыкоў сыравіны і матэрыялаў, запасных і камплектных частак, прыпыненьнем збыту ў адрас IKEA у поўным абʼёме», — гаворыцца ў паведамленьні кіраўніцтва магілёўскай фабрыкі «Мэбелайн». Кампанія была адкрыта ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» у 2013 годзе, там працавалі 860 чалавек.

Акрамя «Мэбелайна», у Беларусі IKEA шчыльна супрацоўнічала з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя. Што будзе з гэтымі прадпрыемствамі, пакуль невядома.

Booking.com і Airbnb

Абодва сэрвісы рэзэрваваньня жытла адначасова пакінулі рынкі Беларусі і Расеі. Пры пошуку жытла ў гарадах Беларусі абодва сэрвісы не выдаюць ніводнага варыянта разьмяшчэньня.

Гендырэктар Booking Глен Фогель у сацсетцы LinkedIn паведаміў, што дзейнасьць плятформы ў абедзьвюх краінах прыпыненая з прычыны «росту складанасьцяў вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне» і заклікаў аб'ядноўваць намаганьні для дасягненьня міру.

Сузаснавальнік і гендырэктар Airbnb Браян Чэскі ў сваім твітэр-акаўнце пацьвердзіў «прыпыненьне ўсіх апэрацый» у Расеі і Беларусі. У сэрвісе паведамілі, што гатовыя аплаціць пражываньне ў краінах Эўразьвязу для 100 тысяч уцекачоў з тэрыторыі Ўкраіны. Беларусам, якія здавалі жыльлё з дапамогай згаданых сэрвісаў, прыйшлі паведамленьні ад кампаній пра тое, што ім неўзабаве растлумачаць сытуацыю.

«Для Беларусі толькі харчы і лекі»

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk, чые кантэйнэры яшчэ можна ўбачыць у беларускіх лягістычных цэнтрах і на прадпрыемствах, заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка.

«У далейшым для Беларусі пасьля шырокай праверкі будуць прымацца толькі заказы на прадукты харчаваньня, лекі і гуманітарныя тавары (акрамя двайнога выкарыстаньня), — гаворыцца ў заяве кампаніі. — Гэтае выключэньне павінна падкрэсьліць, што Maersk засяроджваецца на сацыяльнай адказнасьці і прыкладае намаганьні для падтрымкі грамадзтва, нягледзячы на ўскладненьні і няпэўнасьць у цяперашнім ланцужку паставак».

Разам з датчанамі аб сыходзе зь беларускага рынку паведамілі DHL і FedEx.

Сьпіс заходніх кампаній, якія заяўляюць пра намер пакінуць Беларусь з уласнага жаданьня, штодня павялічваецца. Паводле інфармацыі Свабоды, неўзабаве такую заяву можа зрабіць швайцарская Stadler, якая мае завод для вытворчасьці цягнікоў ля Фаніпаля. Колькасьць невялікіх ІТ-кампаній, якія спыняюць супрацоўніцтва зь беларускімі рэзыдэнтамі, таксама расьце з кожным днём.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG