Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 сакавіка: затрымліваюць у сувязі з падпалам на чыгунцы; на Акрэсьціна катуюць голадам; палітвязьняў ужо 1083


Пратэст супраць вайны, Менск, 27 лютага 2022 году
Пратэст супраць вайны, Менск, 27 лютага 2022 году

У Беларусі працягваецца перасьлед за пратэсты супраць вайны Расеі ва Ўкраіне.

У Беларусі ўжо 1083 палітычныя вязьні

Да ранейшай колькасьці палітвязьняў дадаліся яшчэ сем чалавек. Праваабарончы цэнтар «Вясна» называе іх імёны: Андрэй Чудзінаў, Дзьмітры Станулевіч, Лізавета Юшкевіч, Аляксандар Шамецька, Ільля Люльковіч, Арцём Мазанік, Алег Пайташ.

Затрыманьні за пратэсты супраць вайны ва Ўкраіне

Як паведамляе праваабарончы цэнтар Вясна, сёньня раніцай каля амбасады РФ у Менску затрымалі хлопца з антываенным плякатам. Праз дзесяць хвілінаў затрымалі дзяўчыну, якая хацела яго сфатаграфаваць.

Таксама ў Менску затрыманыя Усевалад Захараў, Андрэй Андрэеў, Кацярына Хараненка.

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі 1 сакавіка індывідуальнага прадпрымальніка Алега Саракача. На «пакаяльным відэа» бачны эпізод затрыманьня, калі яго б’юць, пасьля чаго ён кажа, што «паблытаў свае палітычныя погляды».

На запісе, зробленым у памяшканьні, ён кажа, што ўдзельнічаў у маршах у 2020 годзе, быў у «экстрэмісцкіх» чатах. Паводле інфармацыі ГУБАЗіК, мужчына «запісаўся ў той самы плян „Перамога“, атрымаў заданьне і ўжо ехаў яго выконваць», тады і быў затрыманы сілавікамі.

«Учора выклаў у інстаграме фатаздымак. Мэтай было выказаць „не“ вайне ва Ўкраіне», — кажа Саракач.

На Акрэсьціна катуюць голадам

Паводле праваабарончага цэнтру Вясна, для затрыманых па адміністрацыйных справах у ІЧУ Жодзіна не прымаюць перадачы. На мінулым тыдні таксама не прымалі і на Акрэсьціна. Прычынай называюць COVID-19. Затрыманых на антываенных акцыях у Менску перавезьлі 1 сакавіка ў Жодзіна. Таксама частку затрыманых, магчыма, перавезьлі ў Баранавічы.

Людзей дагэтуль трымаюць у ізалятарах у жорсткіх умовах. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, некаторых пасьля затрыманьня білі, а на Акрэсьціна ім не даюць ежы.

У Сьветлагорску затрымліваюць у сувязі з падпалам на чыгунцы

У Сьветлагорску 2 сакавіка з раніцы адбываюцца затрыманьні і ператрусы ў грамадзян, раней заўважаных у пратэставай актыўнасьці, — паведамляе праваабарончы сайт «Гомельская вясна». Паводле папярэдніх зьвестак, прычына — спаленае 1 сакавіка абсталяваньне на ўчастку чыгункі ў Сьветлагорскім раёне.

Паведамляюць, што 1 сакавіка ў 23:08 на перагоне Астанкавічы — Жэрдзь Гомельскага аддзяленьня Беларускай чыгункі была спаленая рэлейная шафа сыгналізацыі, цэнтралізацыі і блякаваньня (СЦБ), і ў выніку сьвятлафоры і стрэлачныя пераводы на гэтым участку ў непрацоўным стане.

Перагон Астанкавічы — Жэрдзь знаходзіцца на лініі Жлобін — Каленкавічы, якая далей працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласьць Украіны). Лінію пабудавалі як найкарацейшы шлях для вайсковых эшалёнаў у бок Украіны падчас Першай сусьветнай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG