Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус з Харкава: Землякі, не ідзіце сюды, бо многія ня вернуцца дадому


Харкаўская кальцавая дарога, дзе былі зьнічшаныя расейскія салдаты
Харкаўская кальцавая дарога, дзе былі зьнічшаныя расейскія салдаты

Старшыня праўленьня Харкаўскага гарадзкога нацыянальна-культурнага аб’яднаньня беларусаў «Сябры» Васіль Астаповіч расказвае ў інтэрвію «Свабодзе» пра сытуацыю ў горадзе і заклікае беларусаў зрабіць усё магчымае, каб беларускія салдаты не напалі на Ўкраіну.

Спадар Васіль нарадзіўся ў вёсцы Дуброва Лельчыцкага раёну, на Гомельшчыне. Ва Ўкраіне жыве з 1968 году.

«Бамбяць жылыя будынкі, дзіцячыя садкі, школы і лякарні»

«Ужо пяць дзён мая другая радзіма, горад Харкаў, разам з усёй Украінай перажывае цяжкія часы. Расейскія агрэсары пастаянна зьнішчаюць інфраструктуру нашага любімага гораду. Бамбяць жылыя будынкі, дзіцячыя садкі, школы і лякарні, асабліва дзіцячыя. Сытуацыя ў горадзе вельмі цяжкая. Сёньня а 8-й гадзіне раніцы ўпаў снарад каля абласной адміністрацыі. Ён моцна пашкодзіў сам будынак, загінулі 10 чалавек, 20 параненых, а сярод загінулых ёсьць адно дзіця. Вельмі шкада».

«Пашанцавала, што жыву блізка да падвалу»

«У месцы, дзе я жыву, таксама вельмі неспакойна. Я жыву каля заводу імя Малышава, таму ў любы час тут могуць быць самыя сапраўдныя бамбаваньні. Мой будынак праз вуліцу. Уначы трохі спакайней з выбухамі, але раніцай яны пачынаюцца зноў. Калі ў нас абвяшчаюць паветраную трывогу, мы спускаемся ў падвал дому. Я жыву на першым паверсе, таму мне трохі пашанцавала, далёка бегчы ня трэба. Суседзі, якія жывуць вышэй, хутка спускаюцца, калі чуюць трывогу. А ў горадзе амаль нікога ня бачна. У нас з 16.00 да 6-й раніцы камэнданцкая гадзіна. Але і днём на вуліцах пуста, многія зьехалі ў іншыя краіны, а нехта ў заходнія рэгіёны Ўкраіны. Засталіся тыя, каму няма куды зьехаць, ці па здароўі, ці зь іншых прычынаў».

«Не хапае прадуктаў, транспарт не працуе»

«Ёсьць вялікія праблемы з забесьпячэньнем прадуктамі, з хлебам нават. Ёсьць раёны, куды машыны даехаць ня могуць, каб завезьці прадукты. Людзі начуюць або ў падвалах, ці на станцыях мэтро. Я жыву недалёка ад станцыі і ведаю, што многія там. Праблемы таксама з транспартам, у горадзе ня ходзіць ні наземны транспарт, ні мэтро. Мэтрапалітэн працуе толькі на прыём людзей — як сховішча. Літаральна гадзіну таму было паведамленьне, што на Нова-Баварскім праспэкце бомба зьнішчыла жылы будынак, дзе таксама пацярпелі людзі, яны цяпер пад заваламі.

У Харкаве жывуць каля 14 тысяч беларусаў. Падтрымліваю з многімі сувязь, хаця рабіць гэта вельмі цяжка. Толькі праз тэлефон. Ёсьць адна маладая жанчына з Магілёўскай вобласьці, жыве разам з дачкой у раёне Пяціхаткі, ёсьць у нас такі пасёлак. Там знаходзіцца ядзерны рэактар. Гэта вельмі небясьпечна, там пастаянна бамбяць і кружляюць самалёты. Будзе вялікая бяда, калі гэты аб’ект яны зьнішчаць».

«Многія беларусы на Радзіме проста ня вераць у тое, што ў нас адбываецца»

«Падтрымліваю сувязь зь землякамі зь Беларусі, але вельмі шкада, што яны па-рознаму ставяцца да падзеяў у нас. Ёсьць нават такія, хто кажа, што Пуцін правільна робіць. Яны проста ня вераць у тое, што ў нас адбываецца. Кажуць, што я падманваю, што такога ня можа быць. А ёсьць такія, хто нам спачувае. Шкада тых беларусаў, якія не разумеюць, што ў нас адбываецца. Яны нават не ўяўляюцьРэд, што будзе зь іхнымі дзецьмі, калі яны апынуцца на тэрыторыі Ўкраіны.

Ці можна было падумаць, што з тэрыторыі Беларусі паляцяць ракеты на Ўкраіну. Я заўсёды лічыў, што ўкраінцы і беларусы гэта самыя блізкія славянскія народы».

«Невядомыя такія выпадкі, каб з тэрыторыі маёй любімай Беларусі пачыналася вайна супраць украінцаў»

«Да нас, беларусаў Украіны, даходзіць інфармацыя, што з маёй Беларусі могуць пайсьці салдаты на тэрыторыю Ўкраіны. Іх мэта — зьнішчаць украінцаў. Але пры гэтым яны павінны памятаць, што беларусы таксама тут жывуць. А гэта значыць, што яны будуць зьнішчаць ня толькі ўкраінцаў, але і беларусаў, сваіх землякоў, братоў і сясьцёр. Дарагія мае беларусы, суайчыньнікі! Невядомыя такія выпадкі, каб з тэрыторыі маёй любімай Беларусі пачыналася вайна супраць украінцаў. Гэта будзе ганьба для ўсяго беларускага народу, калі такое адбудзецца. Дарагія землякі, сваякі, калі вы нечым можаце паспрыяць, каб вашыя дзеці і ўнукі, якія служаць у войску, я прашу вас, зрабіце ўсё, каб яны не перайшлі беларуска-ўкраінскую мяжу. Зрабіце так, каб такога было. Дарагія мае землякі, салдаты і афіцэры, прашу вас не выконваць злачынныя загады сваіх камандзіраў. Многія з вас могуць адсюль не вярнуцца дадому. Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG