Пра гэта 28 лютага паведаміла прэс-служба МАК.
Гэты крок зроблены ў сувязі з расейскім узброеным уварваньнем ва Ўкраіну. Reuters таксама нагадвае, што ў пятніцу, 4 сакавіка, у Пэкіне стартуюць Паралімпійскія зімовыя гульні.
Мэтай рэкамэндацыі ў МАК назвалі, сярод іншага, «абарону цэласьці глябальных спартовых спаборніцтваў». «Цяперашняя вайна ва Ўкраіне ставіць перад Алімпійскім рухам дылему. У той час як атлеты з Расеі і Беларусі будуць магчы працягваць удзел у спартовых падзеях, у многіх спартоўцаў з Украіны такой магчымасьці ня будзе, бо на іх краіну напалі», — падкрэсьліваюць у МАК.
У камітэце адзначылі, што калі выканаць рэкамэндацыю як найхутчэй з арганізацыйных або юрыдычных прычын будзе нерэальна, то МАК заклікае міжнародныя спартовыя фэдэрацыі і арганізатараў спаборніцтваў ва ўсім сьвеце зрабіць усё магчымае, каб ніводзін спартовец або чыноўнік з Расеі ці Беларусі ня быў дапушчаны да ўдзелу пад сваім сьцягам.
«Грамадзяне Расеі ці Беларусі… павінны ўспрымацца толькі як нэўтральныя спартоўцы ці нэўтральныя каманды. Не дапускаецца выкарыстаньне дзяржаўных сымбаляў, колераў, сьцягоў ці гімнаў», — падкрэсьлівае ў заяве Міжнародны алімпійскі камітэт.
Адначасова МАК захаваў рэкамэндацыю не праводзіць міжнародныя спаборніцтвы ў Расеі і Беларусі.