Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаго ты ў Расею не паехаў, ты ж Пуціна любіш?» Як за пяць дзён вайны зьмянілася стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў


Уцекачы на чыгуначнай станцыі ва ўкраінскім Львове, 28 лютага 2022
Уцекачы на чыгуначнай станцыі ва ўкраінскім Львове, 28 лютага 2022

Лукашэнка адмаўляе удзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Афіцыйны Кіеў кажа пра адваротнае.

Вайна Расеі супраць Украіны пачалася ўначы 24 лютага. Расейскія войскі перайшлі мяжу з Украінай у тым ліку з тэрыторыі Беларусі — у раёне чарнобыльскай зоны. У наступныя дні ўкраінскі бок некалькі разоў паведамляў пра пускі ракет на тэрыторыю Украіны, якія адбываліся зь Беларусі. Гэта спачатку ўскосна падцьвердзілі відавочцы, якія бачылі запускі ў ваколіцах Калінкавічаў і Мазыра. Пазьней гэта пацьвердзіў і сам Лукашэнка, які у дзень галасаваньня на рэфэрэндуме прызнаўся, што расейцы «запусьцілі 2-3 ракеты» зь беларускай тэрыторыі. Усё гэта за лічаныя дні кардынальна зьмяніла стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў.

«Стаўленьне да беларускіх нумароў мянялася літаральна штогадзіны»

Журналіст і праваабаронца Яўген Малахоўскі жыве ва Ўкраіне зь лістапада 2020 году, калі быў вымушаны ўцячы ад перасьледу ў Беларусі. Зьехаць з Кіева ён вырашыў у першыя гадзіны вайны.

«У 5:20, па-мойму, гэта было, — расказвае Яўген. — Я прачнуўся ад таго, што прайшла ўдарная хваля. Я жыў ля станцыі мэтро „Харкаўская“, гэта ў бок Барыспаля. Так разумею, што Барыспаль пачалі бамбіць бесьпілётнікі. Паглядзеў у вакно і пабачыў, што людзі пачалі панікаваць. Праспэкт быў увесь у заторах, гэта а 5-й раніцы. Я зразумеў, што справа дрэнь».

Яўген Малахоўскі, архіўнае фота
Яўген Малахоўскі, архіўнае фота

Яўген кажа, што сабраў рэчы за гадзіну, сеў у свой аўтамабіль і паехаў на захад. Машыну яму ўвосень 2021 году перагналі бацькі зь Менску. На ёй беларускія нумары з чырвона-зялёным сьцяжком.

«Стаўленьне да маіх нумароў мянялася літаральна штогадзіны, — узгадвае ён. — Я пастаянна меў праблемы. Ува мне мясцовыя пачалі бачыць ворага. Паліцыя таксама. Блёк-пасты было вельмі складана праяжджаць. Пагатоў я ехаў адзін у машыне».

З словаў Малахоўскага, ехаць увесь час па трасе было немагчыма, перашкаджалі заторы. Таму ён зьяжджаў на меншыя лякальныя трасы. У выніку яго машыну спыніла паліцыя. Беларуса выцягнулі з аўтамабіля, адвезьлі ў аддзяленьне паліцыі ў Наваградзе-Валынскім, дзе дапыталі і ўзялі адбіткі пальцаў.

«Я проста ехаў па дарозе, калі мне насустрач выехала паліцэйская машына, — расказвае Яўген. — Адтуль выбеглі чацьвёра паліцыянтаў са зброяй. Акружылі маю машыну, сказалі пакласьці рукі на дах. Усе дакумэнты забралі, доўга правяралі аўтамабіль. Адзін абшукваў мяне, іншыя зь пісталетамі стаялі вакол. Я спытаў, у чым рэч. Яны адказалі, што ад мясцовых жыхароў паступіў сыгнал, што па дарозе едзе дывэрсант зь беларускімі нумарамі».

«Акружалі людзі з палкамі і паляўнічымі стрэльбамі»

Зь Яўгенавых словаў, паліцыя паводзіла сябе вельмі нэрвова. Крыху супакоіліся ўкраінскія праваахоўнікі, толькі калі знайшлі дазвол на часовае жыхарства ва Ўкраіне і дакумэнты аб рэгістрацыі. Беларус таксама мусіў тлумачыць, што ён журналіст, і паказваць інтэрнэт-публікацыі аб сваім затрыманьні ў Беларусі. Яўген перакананы, што дапамагло яму толькі гэта.

«Пакуль мяне везьлі ў паліцыю, то задавалі вельмі шмат пытаньняў пра Беларусь, — кажа Яўген. — Яны ня ведалі, што адбываецца ў Беларусі і што беларусы робяць ва Ўкраіне. Пасьля ў мяне пачаліся праблемы на кожным блёк-пасьце. Я выходзіў з машыны, а мяне акружалі людзі з палкамі, з паляўнічымі стрэльбамі. Усе дарогі цяпер там перакрытыя мясцовымі жыхарамі, і часта яны настроеныя вельмі агрэсіўна да беларусаў».

«Стараесься ставіць сябе на месца украінцаў»

Андрэй (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) пражыў у Кіеве крыху больш за паўгоду, прыехаў у чэрвені 2021-га. Працаваў у Кіеве ў фірме, як ён сам кажа, «не на шараговай пасадзе». Зьяжджаць вырашыў у першы дзень баявых дзеяньняў. У машыне, акрамя жонкі, быў яшчэ яго сябра, які прыехаў у Кіеў за дзень да пачатку вайны — 23 лютага.

«Паліцыя, тэрытарыяльная абарона, вайскоўцы — яны ўсе вельмі насьцярожана ставяцца, — расказвае Андрэй. — На блёк-пастах асабліва. Гэта моцна адчуваецца. Але мы з разуменьнем ставімся. Гэта вайна, а зь беларускай тэрыторыі нападаюць. Шмат дывэрсантаў. Стараесься паставіць сябе на іх месца і падумаць, як бы ты рэагаваў. Ці быў бы ты белым і пухнатым?»

Андрэй расказвае, што з боку кіеўскіх сяброў ніякага нэгатыву па-ранейшаму не адчувае. Яны ўсё разумеюць. Выпадковыя знаёмыя ўкраінцы, якіх сустрэлі ў дарозе, таксама не праяўлялі агрэсіі. За апошнія 300 кілямэтраў, якія Андрэй разам з жонкай і сябрам праехалі ў бок заходняй украінскай мяжы, іх аўтамабіль спынялі 6 разоў. Праверкі працягваліся ад некалькіх дзясяткаў хвілін да паўтары гадзіны. Больш за ўсё людзей са зброяй цікавіў Андрэеў сябра, які ня меў дазволу на часовае жыхарства ва Ўкраіне.

«На адным з блёк-пастоў нас нават з дазволамі на часовае жыхарства доўга правяралі, — узгадвае Андрэй. — Я пасьля зьвязваўся зь іншымі беларусамі, якія спрабавалі там праехаць, то яны сказалі, што разварочвалі нават з такім дазволам. І яшчэ спрабавалі грошы ўзяць з усіх, хто меў беларускія пашпарты. Калі хто ня мае дазволу на жыхарства, то вельмі сур’ёзна „трасуць“, зь вялікім падазрэньнем».

Андрэй расказвае, што з боку вайскоўцаў і паліцыі адчуваўся безупынны ціск. Ён ня быў вельмі грубым, але да беларусаў ставіліся падазрона толькі таму, што яны маюць беларускія пашпарты.

«Былі правакацыйныя пытаньні, — расказвае Андрэй. — Накшталт: чаму вы ў сваю Беларусь не паехалі? А чаму ў Расею не паехалі, вы ж Пуціна любіце? Такога кшталту пытаньні. Я спрабаваў размаўляць зь людзьмі на блёк-пастах. Казаў, што нас спыняюць кожныя паўгадзіны, усе рэчы ў багажніку пераварочваюць. Мне адказвалі: што я, маўляў, хачу з такімі нумарамі?»

Андрэй дадае, што да ўсёй сытуацыі ставіцца з разуменьнем. Яму ўдалося выехаць з Украіны, зараз ён на тэрыторыі ЭЗ. І нават зьбіраецца вярнуцца ў Кіеў.

«Яны могуць пачаць страляць адразу»

Яўгену Малахоўскаму пашанцавала менш. Ён змог даехаць толькі да адной з заходніх абласьцей Украіны, спыніўся ў знаёмых. Як адтуль выехаць далей, Яўген пакуль ня вырашыў. Зь яго словаў, зь беларускімі нумарамі гэта можа быць небясьпечна.

«Яны могуць не разьбірацца і пачаць адразу страляць, — кажа беларус. — Тут зараз усе вельмі пільна сочаць за чужымі. Я разумею, чаму так адбываецца. Шмат хто ва Ўкраіне не разьбіраецца ў беларускай палітыцы, не разумее, хто мы і чаму тут знаходзімся. Яны разумеюць толькі тое, што цяпер адбываецца вакол іх. Стаўленьне да Беларусі, калі ім кажуць з усіх СМІ, што з тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты, рэзка зьмянілася. На адным з блёк-пастоў я тлумачыў сваю гісторыю паўгадзіны і толькі пасьля гэтага мяне адпусьцілі».

Яўген таксама дадае, што вялікія праблемы ў беларусаў выклікала блякаваньне банкаўскіх рахункаў. Ягоны таксама заблякаваны. У панядзелак 28 лютага некаторыя грамадзяне Беларусі паспрабавалі зьняць грошы ў банкаўскіх аддзяленьнях з пашпартамі, але і гэта аказалася немагчыма.

«Намі ніхто не цікавіцца, — наракае Яўген. — Тым беларусам, якія змаглі неяк выехаць, якія дабраліся да мяжы, ім дапамагаюць, так. А тым, хто застаўся ва Украіне, ніхто. Ні з штабу Ціханоўскай, ні з НАК пытаньняў пра наш лёс не было. Ніхто не прапанаваў нам дапамогу. Гэта ня крытыка, гэта крык. Пра нас забываюць. І калі нешта здарыцца, то ніхто не дапаможа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG