Эўрадэпутаты заклікаюць турэмныя адміністрацыі спыніць усе парушэньні правоў зьняволеных ва ўсіх беларускіх месцах няволі.
Ліст падпісалі парлямэнтары з Аўстрыі, Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Ірляндыі, Італіі, Літвы, Нідэрляндаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Шатляндыі, Славаччыны, Гішпаніі, Швэцыі і Швайцарыі.
Прадстаўнік Libereco ў Злучаным Каралеўстве Кен Макбэйн сказаў з гэтай нагоды:
«Важна, каб тыя, хто нясе адказнасьць за жыцьцё, здароўе і бясьпеку палітычных зьняволеных у Беларусі, ведалі, што іх незаконнае і бесчалавечнае абыходжаньне не застаецца незаўважаным. Мы спадзяёмся, што атрыманьне ліста, адрасаванага асабіста, са шматлікімі подпісамі эўрапейскіх парлямэнтароў з розных краінаў, прымусіць іх задумацца пра свае абавязкі. Яны могуць адчуваць, што дзейнічаюць беспакарана і ананімна, але сьвет назірае за імі».
У лісьце дэпутатаў гаворыцца:
«Мы ведаем пра парушэньні асноўных правоў, у якіх адмаўляюць палітвязьням у беларускіх сьледчых ізалятарах, турмах і калёніях. Мы ведаем, што затрыманых зьмяшчаюць у перапоўненыя памяшканьні без належнага адзеньня, сродкаў асабістай гігіены і пасьцельных прыналежнасьцяў. Мы ведаем, што вязьням адмаўляюць у атрыманьні лістоў і пасылак, у сустрэчах зь іхнымі сем’ямі і ў доступе да належнага юрыдычнага прадстаўніцтва. Мы ведаем, што зьняволеным, якія маюць патрэбу ў мэдычнай дапамозе, часта адмаўляюць у доступе да лекараў і неабходных леках, а палітычных зьняволеных адпраўляюць у карцары для аказаньня на іх ціску за іхныя палітычныя погляды.
Мы заклікаем вас спыніць гэтыя злоўжываньні і парушэньні правоў зьняволеных ва ўсіх вашых месцах утрыманьня пад вартай. Бесчалавечнае абыходжаньне з вашымі зьняволенымі, пра якое мы так часта чуем і ведаем, непрымальнае».