З камюніке сэпаратысцкай «рэспублікі», на якое спасылаецца малдаўская служба Радыё Свабода, вынікае, што першыя стрэлы адбываліся ў ноч з 18 на 19 лютага. Стрэльбы праводзіліся з кулямётаў БТР, накіраваных на зьнішчэньне бранятэхнікі і стралковых войскаў праціўніка.
У Прыднястроўі гавораць, што дрэнная бачнасьць у начны час ускладняла працэс, а вышкал праходзіў раней і на працягу наступнага дня.
У Кішынэве пакуль не пракамэнтавалі заяву.
Прыднястроўскія вучэньні пачаліся на тле напружанасьці, выкліканай расейскімі вайсковымі манэўрамі на межах Украіны. Украінскую тэрыторыю за апошнія дні шматразова абстрэльвалі, два ўкраінскія вайскоўцы загінулі. Захад кажа, што Расея плянуе новае поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну.
У канцы студзеня апэратыўная група расейскіх войскаў, што месьціцца ў непрызнаным міжнароднай супольнасьцю Прыднястроўі, праводзіла вучэньні на левым беразе Днястра. Група налічвае да 1500 расейскіх вайскоўцаў, афіцыйна яна мае місію ахоўваць склады зброі ў Кобасьне. Там кажуць, што ў вучэньнях задзейнічалі каля 100 вайсковай і баявой тэхнікі.
На левым беразе Днястра Расеі мае яшчэ каля 430 вайскоўцаў, якіх называе «міратворцамі». Акрамя расейскіх сіл, у Прыднястроўскім рэгіёне ёсьць і свае ваенізаваныя сілы. Экспэрты мяркуюць, што ў выпадку мабілізацыі іх колькасьць можа дасягнуць лічбы ад 10 да 20 тысяч чалавек.
У 1992 годзе Прыднястроўе кароткі час ваявала з Малдовай праз занепакоенасьць, што новая незалежная краіна будзе імкнуцца да ўзьяднаньня з суседняй Румыніяй. Таксама прасейскія сілы выступалі супраць адмовы ўраду ў Кішынэве надаць расейскай мове статус дзяржаўнай і супраць вяртаньня мясцовай румынскай (малдаўскай) мовы на лацінскую графіку.
Канфлікт завяршыўся пагадненьнем аб спыненьні агню, пасьля таго як расейскія войскі, дысьлякаваныя ў рэгіёне з савецкіх часоў, выступілі на баку сэпаратыстаў. З боку Малдовы ў канфлікце, па рознай інфармацыі, загінулі ад 279 да 324 вайскоўцаў.
У верасьні прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што хоча дамагчыся поўнага вываду расейскіх войскаў з тырыторыі краіны. NATO падтрымала гэтыя патрабаваньні, дадаўшы, што Расея таксама павінна сысьці з тэрыторыі Грузіі і Ўкраіны.