Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК патлумачыў, чаму засакрэцілі дадзеныя членаў камісій на рэфэрэндум


Канстытуцыйны рэфэрэндум
Канстытуцыйны рэфэрэндум

Паводле Ігара Карпенкі, нават сябрам Цэнтравыбаркаму прыходзілі лісты з пагрозамі, а жыхарам аднаго рэгіёну зусім не абавязкова ведаць, хто ў камісіі ў іншым.

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка ў этэры дзяржаўнай тэлевізіі патлумачыў, чаму ўлады не апублікавалі прозьвішчы членаў камісій.

«Наколькі неабходна вось гэтыя дадзеныя сёньня выстаўляць, калі ўступіў у сілу закон аб пэрсанальных дадзеных, аб абароне пэрсанальных дадзеных? І ён ужо ў пэўнай ступені дыктуе пэўныя свае патрабаваньні па ўнясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у выбарчае заканадаўства».

Таксама Карпенка заявіў, што «некаторым членам ЦВК прыходзілі лісты з пагрозамі і зь некаторымі напамінамі аб адказнасьці».

«Былі да нас і звароты шараговых грамадзян не друкаваць іх пэрсанальныя дадзеныя. Таму было прынята гэтае ўзважанае рашэньне, але яно ніякім чынам не адбіваецца на праве грамадзян свабодна прымаць удзел у рэфэрэндуме і выказваць сваю пазыцыю», — лічыць Карпенка.

Ён мяркуе, што беларусам зусім не абавязкова ведаць прозьвішчы ўсіх сяброў камісій.

«Сёньня няма такой неабходнасьці на тэрыторыі, дапусьцім, Віцебскай вобласьці, ведаць, хто там уваходзіць у склад камісіі ў горадзе Менску і гэтак далей».

Раней улады адмовіліся праводзіць рэфэрэндум для беларусаў замежжа — участкі будуць толькі на тэрыторыі краіны. Гэтае рашэньне абумовілі найперш каранавіруснымі абмежаваньнямі.

Варта адзначыць, што такія захады ЦВК груба парушаюць дзейнае заканадаўства. У большасьці рэгіёнаў Беларусі сьпісы не апублікавалі або апублікавалі ў дзіўным выглядзе — замест чальцоў камісій або шматкроп’е, або лічба, якая паказвае іх колькасьць. Напрыклад, у Магілёве апублікавалі толькі адрасы камісіяў, але не назвалі імёны сяброў камісіяў і нават нумары тэлефонаў камісіяў, што таксама абавязаныя рабіць паводле закону.

Артыкул 34 Выбарчага кодэксу Беларусі ў перадапошнім абзацы патрабуе публікаваць імёны ўсіх чальцоў выбарчых камісіяў. Аднак гэтую норму ЦВК праігнараваў.

Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі-2022. Асноўнае

Якія паўнамоцтвы прапануюць забраць у прэзыдэнта?

З тэксту Канстытуцыі прапануюць забраць наступныя палажэньні пра прэзыдэнта:

  • прызначае шэсьць чальцоў Цэнтравыбаркаму;
  • са згоды Савету Рэспублікі прызначае на пасаду старшыняў Канстытуцыйнага суду, Вярхоўнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду зь ліку судзьдзяў гэтых судоў;
  • вызваляе ад пасады старшыню і судзьдзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага судоў, старшыню і сяброў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, генэральнага пракурора;
  • прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады старшыню Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Якія паўнамоцтвы даюцца «Ўсебеларускаму народнаму сходу»

Праект замацоўвае статус «Усебеларускага народнага сходу» як паралельнай парлямэнту структуры з вышэйшымі за яго паўнамоцтвамі.

Сярод іх:

  • «Усебеларускі народны сход» зацьвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі;
  • зацьвярджае праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • заслухоўвае прэм’ер-міністра аб выкананьні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусі;
  • прапануе зьмены і дадаткі ў Канстытуцыю;
  • прапануе правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў;
  • мае права разглядаць пытаньне аб легітымнасьці выбараў;
  • прымае рашэньне аб зьняцьці прэзыдэнта з пасады ў выпадку сыстэматычнага або грубага парушэньня ім Канстытуцыі альбо зьдзяйсьненьня дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.

Што яшчэ ў праекце новай Канстытуцыі

  • Здымаецца артыкул аб бестэрміновым прэзыдэнцтве, вяртаецца абмежаваньне двума тэрмінамі: «Адна і тая ж асоба можа быць прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны». Але правіла мае дзейнічаць толькі для новаабраных прэзыдэнтаў.
  • Уводзіцца імунітэт для былога прэзыдэнта: «Прэзыдэнт, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў, ня можа быць прыцягнуты да адказнасьці за дзеяньні, учыненыя ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў».
  • Закрываецца магчымасьць абірацца прэзыдэнтам тым, хто часова зьехаў: «Прэзыдэнтам можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусі па нараджэньні, не маладзейшы за 40 гадоў, які валодае выбарчым правам, пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусі ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі, які ня мае і ня меў раней грамадзянства замежнай дзяржавы, або дазволу на жыхарства, або іншага дакумэнту замежнай дзяржавы, які дае права на льготы і іншыя перавагі».
  • З праекту выключаны артыкул пра імкненьне Беларусі зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву – нэўтральнай.

«Заключныя і пераходныя палажэньні» праекту Канстытуцыі

  • Паводле артыкулу 143 абмежаваньні на прэзыдэнцкія тэрміны ўступяць у сілу толькі пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў: «Зьмены Канстытуцыі, якія абмяжоўваюць колькасьць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта, уступаюць у сілу зь дня ўступленьня на пасаду зноў абранага прэзыдэнта». Паводле літары артыкулу, Лукашэнка можа балятавацца ў прэзыдэнты яшчэ прынамсі двойчы.
  • Таксама паводле артыкулу 143 ніякіх датэрміновых выбараў не прадугледжана, у тым ліку і прэзыдэнцкіх: «Дзяржаўныя органы (службовыя асобы) ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на працягу тэрміну, на які яны былі ўтвораныя (абраныя, прызначаныя), альбо да спыненьня іх паўнамоцтваў ва ўстаноўленым парадку.
  • Паводле артыкулу 144 дзейны кіраўнік дзяржавы можа прэтэндаваць на пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу: «Закон, які вызначае кампэтэнцыю, парадак фармаваньня і дзейнасьці Ўсебеларускага народнага сходу, падлягае прыняцьцю на працягу году з дня ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі. У мэтах арганізацыі належнай працы Ўсебеларускага народнага сходу прэзыдэнт, які займае гэтую пасаду на дату ўступленьня ў сілу зьменаў Канстытуцыі, можа быць абраны старшынём Усебеларускага народнага сходу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG