Мабыць, усім нам у дзяцінстве казалі: «А калі ўсе з даху скокнуць, ты таксама за імі пойдзеш?». Так нас ушчувалі бацькі і настаўніцы, калі мы аргумэнтавалі нейкія свае жаданьні і выбары тым, што «ўсе так робяць». Тады ж нас вучылі, што настаўніцы — гэта вельмі разумныя людзі, задача якіх — ня толькі даць веды па школьнай праграме, але і быць пэўным прыкладам у паводзінах.
Тым больш абсурдна выглядаюць цяперашнія настаўніцы і настаўнікі, якія так апантана абараняюць рэжым Лукашэнкі ад страшных пагрозаў. Людзі, якія павінны вучыць, як адрозьніць дабро ад зла, фактычна сталі здольныя вучыць толькі падпарадкаваньню лініі партыі. Ідэалягічная розьніца паміж школай і войскам канчаткова сьцерлася, і крытычнае мысьленьне стала адным з галоўных ворагаў у абедзьвюх інстытуцыях.
Канечне, засталіся выкладчыцы і выкладчыкі — выключэньні, але на тое яны і выключэньні, каб падкрэсьліць агульнае правіла. А гучыць агульнае правіла ў школе цяпер так: ня думай і рабі, што патрабуе сыстэма. І ніколі, ніколі не правярай інфармацыю, калі мяркуеш, што яна ідзе ад рэжыму.
Настаўніцы і настаўнікі, канечне, на ўласным прыкладзе паказваюць, чаго чакаюць ад вучняў. І атрымліваецца фэерычна. Спачатку яны паверылі фэйкаваму «каардынатару дыялёгавых пляцовак», які загадаў ім зладзіць «дыялёгавую пляцоўку па абмеркаваньні паправак у Канстытуцыю». Была ў выніку і пляцоўка, і фотасправаздача.
Потым (ужо ў іншых навучальных установах) паверылі ў лісты нібыта ад арганізацыі «Белая Русь» і правялі флэшмоб «Абаронім рэфэрэндум». Сутнасьць флэшмобу была ў тым, каб сфатаграфавацца з двума перакрэсьленымі плякатамі і надпісам «НЕ і НЕ незаконным заклікам». У якасьці мэты флэшмобу было пазначана «супрацьдзеяньне дэструктыўным сілам, якія спрабуюць з-за мяжы сарваць правядзеньне рэфэрэндуму». І гэта б не было так сьмешна, але два крыжы адпаведнай формы — і ёсьць сымбаль, які выкарыстоўваюць дэмакратычныя сілы, калі заклікаюць людзей псаваць на рэфэрэндуме свае бюлетэні.
Вось ён — сапраўдны твар цяперашняй беларускай адукацыі. Настаўніцы і настаўнікі, якія маюць мізэрны заробак і бяздумна і паслухмяна выконваюць любую лухту, калі загад ідзе ад кагосьці ці чагосьці, што выглядае як прадстаўніцтва рэжыму Лукашэнкі.
Яны думаюць, што ў краіне ўсё ў парадку і што цяперашні рэжым трэба абараняць ад ворагаў, якія ці то беларусам зайздросьцяць, ці то проста беспрычынна ненавідзяць. А рэжым Лукашэнкі добры — ён жа дае ім стабільны заробак, а ўвосень дадаткова падкідае крыху грошай «на гародніну».
Гародніна — яна перад вачыма, проста на стале. А годнасьць, воля і справядлівасьць — гэта нешта вельмі далёкае і абстрактнае. Не рызыкаваць жа ўласнай прэміяй, бо кагосьці там недзе пасадзілі ў турму ці забілі? І разьбірацца, хто на самой справе аддае загады, таксама лепш ня трэба. Халера ведае, чым гэта скончыцца. Лепш па старынцы: паслухмяна выканалі, сфоткаліся, адсправаздачыліся.
І страшна ўявіць, што будзе, калі ад імя «Белай Русі» ці Адміністрацыі прэзыдэнта іх і праўда папросяць скокнуць з даху.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.