У жніўні 2020-га Станіслава пабілі сілавікі. Праз пагрозу далейшага перасьледу мужчына тэрмінова выехаў у Расею, дзе яму зрабілі 2 апэрацыі. Больш за месяц ён знаходзіўся ў маскоўскай лякарні. Цяпер Станіслаў жыве ва Ўкраіне, куды выехаў пасьля затрыманьня супрацоўнікамі ФСБ. Фонд Bysol абвясьціў збор яму ў дапамогу.
«Сказалі, калі буду дапамагаць палітвязьням, то „альбо мяне пасадзяць, альбо знойдуць у рацэ“»
«Я выехаў зь Беларусі праз пагрозы. Два разы мяне выклікалі ў КДБ, прыяжджалі і на працу. Хацелі зь мяне зрабіць стукача», — расказвае Станіслаў Цыбінскі пра перасьлед, які пачаўся за ягоную дзейнасьць.
Станіслаў кажа, што ў 18 гадоў забіў хлопца, які згвалціў ягоную дзяўчыну. За гэта і быў асуджаны. Прызнаецца, што раней ня мог і ўявіць, што пасьля адбыцьця пакараньня можа зноў апынуцца за кратамі. Але ўжо не за крымінальнае злачынства, а проста за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.
Камэнтуючы колькасьць палітвязьняў, ён кажа: «Ніколі нават ня мог падумаць, што такое будзе».
Пасьля вызваленьня ў 2017 годзе з магілёўскай калёніі Цыбінскі вырашыў дапамагаць былым вязьням. Для гэтага ён арганізаваў грамадзка-інфармацыйную пляцоўку «Беларускі цэнтар падтрымкі», а таксама стварыў і афіцыйна зарэгістраваў дабрачынную супольнасьць «Рука дапамогі і падтрымкі».
На працягу некалькіх гадоў праца Станіслава і ягоных валянтэраў спрыяла таму, што людзі пасьля адбыцьця пакараньня змаглі пачаць новае жыцьцё.
Па словах Цыбінскага, у час выбарчай кампаніі ў 2020 годзе сілавікі хацелі, каб ён даваў ім інфармацыю пра людзей, якія зьвяртаюцца ў ягоную арганізацыю.
«Сказалі, што калі буду дапамагаць палітвязьням, то ў мяне 2 варыянты — „альбо пасадзяць, альбо знойдуць у рацэ“, — кажа Станіслаў, — Я ім адказаў, што не цікаўлюся, хто „палітычны“, а хто не. Дапамагаю ўсім і не гляджу ні на працягласьць тэрміну, ні на сам артыкул. Мне гэта не патрэбна».
Цыбінскі ўдакладняе: звычайна людзі ў месцах зьняволеньня адчуваюць псыхалягічны ціск, што ў далейшым можа прывесьці да псыхічных разладаў. Таму для яго важна аказаць падтрымку кожнаму, хто трапіў у бяду.
«Мы хочам, каб чалавек стаў на шлях выпраўленьня і змог сябе рэалізаваць, уліцца ў грамадзтва, прайсьці адаптацыю. Каб ён мог жыць, як звычайны грамадзянін, адчуваць любоў, шчасьце, спачуваньне да іншых людзей, — тлумачыць Станіслаў. — Наша арганізацыя дапамагае знайсьці жытло, працу, зрабіць дакумэнты, калі іх няма. І пры гэтым з кожным мы размаўляем індывідуальна. Але калі чалавек не ўхапіўся за шанец і зноў нешта ўчыніў, то паўторна мы ўжо не дапамагаем».
«Сілавікі пабілі і зламалі 4 рабры»
Суразмоўца гаворыць, што папярэджаньнямі і пагрозамі з боку сілавікоў яго перасьлед не абмежаваўся.
У першыя дні пасьля выбараў яго моцна пабілі супрацоўнікі АМАП, зламалі 4 рабрыны. Пасьля ўсяго, што здарылася, Станіслаў вырашыў пакінуць краіну. Падштурхнула яго да гэтага і тэрміновая патрэба ў лячэньні.
«Bysol тады аказаў мне падтрымку, каб я паехаў у Нямеччыну. Аднак праз абмежаваньні, зьвязаныя з пандэміяй, я павінен быў праседзець на карантыне, ну і ў першую чаргу мне патрэбна была віза. Такі варыянт мне па тэрмінах не падыходзіў»
На прыёме ў лекара ў Беларусі Станіслаў даведаўся, што ў яго прабіта левае лёгкае, у якім утварыўся крывяны тромб.
«Неабходна была тэрміновая апэрацыя, каб яго выпампаваць, у адваротным выпадку адбылося б загнаеньне знутры», — кажа ён. Так было прынята рашэньне ехаць у Маскву.
«Мае падапечныя з Расеі дапамаглі мне з тым, каб пакінуць Беларусь і аплаціць лячэньне ў шпіталі Скліфасоўскага ў Маскве. Паколькі я грамадзянін іншай краіны, у мяне не было страхоўкі і полісу, а трэба было заплаціць за 2 апэрацыі. І, хоць гэта зрабілі знаёмыя, я ўсё роўна крыху завінаваціўся. Я праляжаў у шпіталі 1,5 месяца, а харчаваньне, рэнтген, агляд лекараў, УГД — гэта ўсё каштуе грошай. У мяне зьявілася пазыка ў 420 тысяч расейскіх рублёў (каля 14 270 беларускіх рублёў). Я прыняў рашэньне застацца ў Расеі, каб яе пагасіць», — гаворыць суразмоўца.
Ён кажа, што знайшоў добрую працу дастаткова хутка — уладкаваўся кухарам у адным з рэстаранаў на Арбаце і праз час змог аплаціць 240 тысяч.
«Увогуле ў Расеі я прабыў 9 месяцаў. За гэты час у групу нашай арганізацыі пачалі пісаць былыя вязьні з Бранску, Яраслаўля з просьбай аказаць дапамогу, што мы ў сваю чаргу і рабілі», — распавядае Цыбінскі.
«Вы ведаеце, каму вы дапамагаеце? Тэрарыстам!»
Аднак ягоная дзейнасьць не засталася незаўважанай расейскімі сілавікамі. Станіслаў апавядае, як яго затрымалі супрацоўнікі ФСБ.
«Пачалі задаваць пытаньні: „Вы ведаеце каму вы дапамагаеце? Тэрарыстам!“. Маўляў, нейкі з асуджаных, які да нас зьвярнуўся, раней быў затрыманы са зброяй. Сьцьвярджалі, што нібыта ў выпадку, калі ён „стане на ногі“, то пачне забіваць людзей, таму лепш яго зьмясьціць назад у турму і няхай там сядзіць. Я запэўніваў, што такі падыход няправільны. Казаў, што можа чалавек убачыць дабро і выправіцца. На што пачуў у адказ: „Не, так ня будзе“».
Цыбінскі згадвае, што нягледзячы на тое, што ў той дзень яго адпусьцілі на волю, мясцовыя сілавікі працягвалі ім цікавіцца. Каб пазьбегнуць затрыманьня, 23 сьнежня 2021 году ён тэрмінова выехаў ва Украіну.
«Некаторы час я быў без працы. Адразу спыніўся ў людзей, якім я раней дапамагаў. Потым Беларускі дом у Чарнігаве арганізаваў мне 21 дзень пражываньня ў гостэле. За гэты час я шукаў працу і рыхтаваў дакумэнты. І вось з 28 студзеня працую кухарам у Кіеве».
Паколькі першы заробак Станіслаў атрымае толькі ў сакавіку, ён прызнаецца, што зараз яму патрэбна матэрыяльная падтрымка на аплату арэнды жытла, адзеньне і іншыя рэчы.
Нягледзячы на тое, што Станіслаў ужо доўгі час знаходзіўся па-за Беларусьсю, ягоная арганізацыя працягвае існаваць і цяпер. І для каардынацыі працы яму неабходны новыя прылады — смартфон, а таксама ноўтбук ці пляншэт.
«На гэты момант пры зносінах з валянтэрамі ў мяне часта ёсьць нейкія перабоі ў сувязі. А каб іх каардынаваць, мне неабходна заходзіць на электронную пошту ці, напрыклад, у сацсеткі. Мне ж дасылаюць таксама чэкі, фатаздымкі асуджаных, якім штосьці патрэбна, удакладняюць, каму была аказана дапамога, у якім памеры, куды пайшлі грошы, адпраўлены пасылкі, на якія адрасы, у якія калёніі...»
Станіслаў расказаў, што 3 гады таму «Рука дапамогі і падтрымкі» заключыла на 5 гадоў дамову зь дзяржаўным цэнтрам сацыяльнай абароны і дапамогі насельніцтву.
«Ператрусы, вядома, былі. Але нас пакуль яшчэ не зьліквідавалі», — удакладняе ён.
«Палітвязень прасіў нас пакласьці хоць адну кветку на магілу ягоных маці і бабулі»
Станіслаў кажа, што зьвяртаюцца да яго таксама палітвязьні.
«Быў у нас выпадак, калі зьвярнуўся палітзьняволены з ПК „Віцьба“. Яго мама і бабуля трапілі ў сьмяротную аварыю, і ён нам напісаў ліст з просьбай прыехаць на іх магілу на 40 дзён і пакласьці хаця б адну кветку. Нашы валянтэры паклалі вялікі букет і запалілі лямпадкі, і пазьней выслалі фота ў калёнію. Пасьля чаго чалавек мне напісаў такі ліст з падзякай, ад якога ў мяне сьлёзы да гэтага часу бягуць», — успамінае Станіслаў і дадае, што яму цяжка пра гэта гаварыць, бо ў яго бацькоў няма.
Станіслаў падкрэсьлівае: ён як ніхто разумее, што значыць жыцьцё ў няволі. І запэўнівае, што мэтады, якія выкарыстоўваюцца сілавікамі ў адносінах да вязьняў у папраўчых калёніях, ніяк ня могуць выправіць чалавека. Хутчэй, яшчэ больш яго азлабляюць.
«Напрыклад, калі пры ператрусе высыпаюць рэчы і ў адной кучы на падлозе фатаздымкі сваякоў могуць апынуцца разам зь ежай і адзеньнем ці іх могуць нават і парваць, гэта ў чалавека выкліча толькі боль, крыўду, злосьць і нянавісьць. Ён ня толькі маральна пакутуе, але і фізычна, — кажа Станіслаў. — Ператрус праходзіць 40 хвілін, часам і гадзіну, а чалавек стаіць ля сьценкі на расьцяжцы. Пры гэтым сілавік падыходзіць і ногі рассоўвае ўсё шырэй, калі ўжо пахвіна пачынае балець. Я лічу, што гэта зьдзекі».
«Зьняволеным ня трэба пісаць у лістах аб праблемах на волі»
Усім хто, знаходзіцца цяпер у зьняволеньні, Станіслаў зычыць ня страчваць веры ў людзей і дабро. А таксама рэкамэндуе чытаць больш кніг.
«Калі чалавек чытае, ён адыходзіць ад думак, ад быцьця. У тых умовах гэта важна», — тлумачыць Станіслаў.
Сваякам вязьняў ён раіць наступнае:
«Магу сказаць толькі адно — ня трэба пісаць аб праблемах на волі, таму што чалавек будзе хвалявацца. Калі знаходзісься ў чатырох сьценах, усё ўспрымаецца вельмі востра і балюча. І чалавек нібыта гатовы чымсьці дапамагчы, але ня можа. І гэта толькі пагаршае ягоны стан — адсюль ідзе нэўроз, стрэс, перажываньні, недасып».
Станіслаў зазначае, што абавязкова хацеў бы вярнуцца на радзіму. Аднак прыехаць можа пры адзінай умове — калі ў Беларусі будзе іншая ўлада.
«Гэтая ўлада мяне пасадзіць. І вельмі надоўга», — удакладняе ён.