Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ заявілі, што расейскія спэцслужбы замовілі ўкраінскіх «цітушак» дзеля правакацыі ў Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што выкрыла грамадзян Украіны, якія павінны былі зьдзейсьніць правакацыі ў Расеі «па заданьні расейскіх спэцслужбаў».

«Такія дзеяньні могуць быць выкарыстаны краінай-агрэсарам як яшчэ адна прычына для апраўданьня далейшага ціску на Ўкраіну. Паводле папярэдніх зьвестак, спэцслужбы РФ старанна распрацоўвалі плян правакацый і дывэрсій, накіраваных супраць уласнага насельніцтва. І яны мелі намер абвінаваціць у гэтым нашу дзяржаву. Яны завэрбавалі трох жыхароў Кіеўскай вобласьці, якія паходзяць з крымінальных колаў. Каб выехаць у Расею, яны павінны былі падаць падробленыя дакумэнты. Ім было дадзена заданьне сфармаваць дзьве групы па пяць чалавек у кожнай. Вылет першай плянаваўся ў бліжэйшыя дні», — адзначылі ў прэс-службе СБУ.

Паведамляецца, што зламысьнікі распрацавалі пакрокавую інструкцыю, а ўсю падрабязную інфармацыю яны павінны былі атрымаць на месцы ў Расеі. Паводле СБУ, за ўдзел у правакацыях абяцалі кожнаму па 4 тысячы даляраў.

Куратары запэўнілі «цітушак», што пасьля выкананьня заданьня іх адправяць дадому. Аднак, паводле наяўных зьвестак СБУ, падчас затрыманьня правакатараў плянавалі ліквідаваць. Супрацоўнікі СБУ сьцьвярджаюць, што прадухілілі гэты сцэнар. Арганізатараў і іх саўдзельнікаў затрымалі адначасова ў Кіеве і вобласьці. Гэтыя асобы зьяўляюцца трэнэрамі ў спартыўных клюбах кантактных адзінаборстваў. Яны неаднаразова прыцягваліся прарасейскімі сіламі для ажыцьцяўленьня правакацый і пратэстаў на замову ў розных рэгіёнах Украіны», — адзначылі ў міністэрстве.

Паводле інфармацыі спэцслужбаў, выяўленыя асобы падазраюцца ў арганізацыі актаў вандалізму ў кастрычніку-сьнежні 2021 году над помнікам Сьцяпану Бандэру ў Цярнопалі, над Адэскай сынагогай і замежным прадстаўніцтвам у Адэсе.

Акрамя таго, адзін з затрыманых стварыў так званае «сілавое крыло», у якое ўвайшлі члены спартовых клюбаў і прадстаўнікі крымінальнага асяродзьдзя. Групе была пастаўлена задача ўзяць удзел у аплачаных масавых беспарадках у цэнтры сталіцы ў канцы студзеня 2022 году і справакаваць бойкі. Аднак тады паліцыя спрацавала на апярэджаньне і не дазволіла рэалізаваць такі плян. Па выніках санкцыянаваных ператрусаў канфіскаваная агнястрэльная зброя з патронамі і копіі замежных пашпартоў асобаў, якіх меркавалася накіраваць у Расею для правакацый», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.

Расейскі бок звычайна альбо абвяргае заявы Кіева наконт магчымых завэрбаваных дывэрсантаў ці агентаў, альбо ўвогуле іх не камэнтуе, адзначае ўкраінская служба Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG