Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускім кнігам у Польшчы не хапае прамоцыі». Размова зь перакладчыцай і літаратуразнаўцай Натальляй Русецкай


Натальля Русецкая
Натальля Русецкая

Ян Максімюк размаўляе з Натальляй Русецкай, паэткай, перакладчыцай і літаратуразнаўцай, якая жыве ў Любліне ў Польшчы і працуе выкладчыцай у тамтэйшым Унівэрсытэце імя Марыі Складоўскай-Кюры.

Сьцісла

  • Беларусы ў Любліне рэгіструюць сваю суполку.
  • Беларускія культурныя падзеі ў Польшчы цяпер моцна палітызаваныя.
  • У выдавецкай сэрыі Wschodni Express Цэнтру культуры ў Любліне зьяўляюцца пераклады і сучасных беларускіх аўтараў.
  • На жаль, перакладчыкаў зь беларускай мовы ў Польшчы не прыбывае з часам.
  • У сярэднім штогод у Польшчы выдаюць пяць кніжак беларускіх аўтараў. Але гэтым выданьням не хапае прамоцыі.
  • Пры люблінскім Унівэрсытэце імя Марыі Складоўскай-Кюры выходзіць навуковае выданьне Studia Białorutenistyczne, прысьвечанае беларусазнаўчым дасьледаваньням па гісторыі, мовазнаўстве і літаратуры.

— Пад канец мінулага году прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў, што ў ягонай краіне знайшлі працу і прытулак 180 тысяч беларусаў. Гэта магутная лічба, калі параўнаць з 40 тысячамі беларусаў-аўтахтонаў на Падляшшы. Вы ў сваім Любліне апошнім часам заўважылі большы наплыў беларусаў, чым раней?

— У Люблін, напэўна, беларусы едуць найменш. Канечне, яны апошнім часам зьявіліся, але большасьць тут не затрымліваецца. Яны едуць далей — у Варшаву, Уроцлаў, Кракаў. Таму люблінская суполка «Досьвед», якую мы цяпер спрабуем афіцыйна арганізаваць і зацьвердзіць, — нешматлікая, скажам так.

Мы хочам нашу суполку рэгістраваць тут у Любліне, каб яна стала афіцыйнай пляцоўкай. Летась мы пачалі рабіць моўныя сустрэчы для зацікаўленых беларускай мовай; прыходзілі студэнты, якія тут вучацца, і мамкі са сваімі дзецьмі-школьнікамі. Нашу моўную суполку мы назвалі «На зэдліку» — нас пакуль прытуліў люблінскі Цэнтар культуры. Але каб супрацоўніцтва наладзілася на сталай аснове, мы мусім зацьвердзіць нашу юрыдычную асобу.

— Зразумела, што Беларусі цяпер шмат у польскіх СМІ, і з увагі на палітычную эміграцыю беларусаў, і з увагі на мігранцкі крызіс на беларуска-польскай мяжы. Як, на вашу думку, такая сытуацыя ўплывае ці можа паўплываць на зацікаўленасьць беларускай культурай і літаратурай у Польшчы? Нейкі такі ўплыў вы заўважаеце?

— З маіх назіраньняў вынікае, што польскі чытач больш зацікаўлены нейкімі палітычнымі тэмамі, а калі не зусім палітычнымі, то такімі, скажам, больш эканамічна-геаграфічнымі. Я ня ведаю, наколькі моцна цяперашняя сытуацыя можа ўплываць на зацікаўленьне беларускай культурай як такой.

Я ня вельмі люблю, калі палітызуюцца розныя культурныя падзеі. А гэта зараз ёсьць. Я баюся, што пасьля такога ўзмацненьня зацікаўленасьці Беларусьсю будзе вельмі рэзкі спад, калі ўжо пра ўсе палітычныя навіны і сытуацыі будзе ўсё сказана. Таму што цяпер большасьць мастацкіх беларускіх выставаў у Польшчы — выставаў мастакоў, графікаў, фатографаў — на палітычныя тэмы. Калі гэта спэктаклі, яны ўсе з палітычным падтэкстам. Калі гэта пераклады літаратуры на польскую мову ці ўласна польскія выданьні на беларускую тэму — яны ўсе пра палітыку. Мяне такая сытуацыя непакоіць…

Натальля Русецкая каля помніка польскаму пісьменьніку Вітальду Гамбровічу, Радам, Польшча
Натальля Русецкая каля помніка польскаму пісьменьніку Вітальду Гамбровічу, Радам, Польшча

— З аднаго боку, моцная зацыкленасьць на палітыцы — зьява адмоўная, але, з другога боку, трэба бачыць і карысьці ад такой сытуацыі, калі за палітыкай усё ж ідуць і культурныя падзеі, мастацкія выставы, пераклады…

Вы жывяце ў горадзе, дзе Беларусьсю цікавяцца больш, чым у некаторых іншых гарадах Польшчы, калі мець на ўвазе, напрыклад, выдаваньне беларускай літаратуры ў перакладах. Хацелася б ад вас пачуць нешта пра гэтыя выдавецкія ініцыятывы…

— Гэта якраз Цэнтар культуры ў Любліне, пра які я ўжо згадала, і яго выдавецкая сэрыя Wschodni Express. Там ня толькі беларуская літаратура, але беларускія аўтары маюць у гэтай сэрыі сваё месца і іх кнігі выдаюцца ўжо ня першы год. Тут выдавалі Альгерда Бахарэвіча, Андрэя Адамовіча, Сяргея Прылуцкага, Юлію Цімафееву, Уладзімера Арлова

Аднак засмучае тое, што з часам не прыбывае перакладчыкаў зь беларускай мовы. Цягам дзесяцігодзьдзяў мы бачым усё адны і тыя ж прозьвішчы — Адам Паморскі, Богдан Задура… Гэтыя два перакладчыкі аддаюць перавагу паэтычным тэкстам, і таму беларускай паэзіі выдаецца болей. Але вось новых перакладчыкаў я не сустракаю.

Адзінае, што можна назваць пэўным прарывам, — гэта пераклады расейскамоўных аўтараў зь Беларусі, якіх, акрамя Сьвятланы Алексіевіч, яшчэ два гады таму на выдавецкім рынку ў Польшчы не было. І вось у 2020-м пачалі перакладаць і друкаваць у розных часопісах Дзьмітрыя Строцава, Таню Скарынкіну… Магчыма, не ў апошнюю чаргу таму, што перакладчыкаў з расейскай мовы ў Польшчы значна больш.

— Параўноўваючы цяперашнюю перакладчыцка-выдавецкую актыўнасьць у Польшчы з той, што была ў 1990-х ці нулявых, калі, па-вашаму, выходзіла больш перакладаў беларускай літаратуры?

— Я калісьці спрабавала падлічыць такія выданьні чыста матэматычна. Заўсёды выходзіць у сярэднім некалькі кніжак на год, у лепшыя гады — шэсьць-сем. Прычым цяжка сказаць, што такая выдавецка-перакладчыцкая актыўнасьць зьвязаная з палітычнымі зрухамі ці нейкімі значнымі падзеямі. Часам розныя пляцоўкі, незалежна адна ад адной, выдаюць у адзін год розныя творы аднаго і таго самага аўтара, як было, напрыклад, з паэзіяй Уладзімера Някляева.

То бок нейкіх усплёскаў я не заўважаю. Сказаць, што за два апошнія гады выйшла больш кніжак беларускіх аўтараў, чым раней, — я не магу. У сярэднім зьяўляюцца недзе пяць кніжак на год. Наколькі яны відочныя на рынку, наколькі яны трапляюць да польскага чытача — гэта ўжо іншае пытаньне.

Мне здавалася, што люблінскае выданьне кніжкі Сяргея Прылуцкага «Патрыятызм для чайнікаў» настолькі трапіла ў свой час, што павінна было апынуцца, як кажуць, на топе. Нічога падобнага, не зьявілася ніводнай рэцэнзіі на гэты пераклад…

Ёсьць такі польскі партал Lubimyczytać.pl, на якім нарэшце былі зьявіліся тэксты пра беларусаў і пра тое, што яны чытаюць. І вось аўтары адзін за адным там наракалі, што палякам няма чаго беларускага пачытаць, няма перакладаў беларускіх аўтараў, і яны нават ня згадвалі тыя пераклады, якія ёсьць. То бок людзі, якія адмыслова зацікавіліся пытаньнем польскіх перакладаў беларускай літаратуры, не змаглі ніякай інфармацыі пра такія пераклады знайсьці. Я й ня ведаю, што пра такое думаць… Проста беларускім кнігам у Польшчы не хапае прамоцыі.

Натальля Русецкая з дачкой Зосяй
Натальля Русецкая з дачкой Зосяй

— Як чалавек, які ведае беларускую і польскую мову на прафэсійным узроўні дый сам перакладае, вы можаце аўтарытэтна ацаніць узровень польскіх перакладаў беларускіх аўтараў. Які гэты ўзровень, кажучы агульна?

— Узровень бывае вельмі розны. Я ня ведаю, ад чаго гэта залежыць — ад настрою, ад часу, ад працы рэдактара ці яшчэ ад нечага? Калі гаварыць пра паэзію, бываюць абсалютна геніяльныя пераклады і бываюць такія, якія абсалютна не трапляюць у ідэю твору. Часам таксама ўзьнікаюць праблемы з прыхаванымі цытатамі ў тэксьце, якія беларускаму чытачу адразу зразумелыя, а польскі перакладчык у беларускім пераказе такую цытату не пазнае… Але мне здаецца, што збольшага ўзровень польскіх перакладаў беларускай літаратуры добры — на агульную чацьвёрку.

— Давайце крыху пагаворым пра вывучэньне беларускай мовы ў Польшчы. Я думаю, што гэта ж таксама ўплывае на якасьць перакладаў. Пра беларускую мову ў базавых і сярэдніх школах на Падляшшы я вас пытаць ня буду, а запытаю пра ўнівэрсытэцкі ўзровень. Дзе польскі студэнт, які хоча вывучыць беларускую мову, можа гэта зрабіць на сёньняшні дзень?

— Наколькі я ведаю, на сёньняшні дзень гэта можна зрабіць у Варшаве, а зь мінулага году спрабуюць арганізаваць беларусістыку таксама ў Познані. У нас у Любліне, на жаль, беларусістыка пакуль не актываваная — яна ў стане «падвешанасьці». Нашыя прапановы набраць студэнтаў застаюцца непачутымі. У нас раней была свая катэдра беларусістыкі, але пасьля рэформы, якую прабіла міністэрства гадоў дзесяць таму, яе ліквідавалі і сфармавалі дзьве новыя адзінкі — катэдру славянскага мовазнаўства і катэдру славянскага літаратуразнаўства.

Калі гаварыць пра беларускую філялёгію ў Польшчы ўвогуле, то мне страшна не хапае курсаў, асобных прадметаў ці адмысловых спэцыялізацый, якія былі б накіраваныя на мастацкі пераклад.

У нас ва ўнівэрсытэце беларуская мова выкладаецца ў якасьці другой славянскай на рускай і на ўкраінскай філялёгіях — цягам чатырох сэмэстраў. Акрамя гэтага, у нас ёсьць такія прадметы па 15 гадзін «для агульнага разьвіцьця студэнта», так сказаць, дзе можна прапаноўваць свае тэмы. І я для ўкраіністаў зрабіла курс на 15 гадзін пра ўкраінска-беларускія літаратурныя сувязі. Мы гаворым перадусім пра тое, хто што перакладае — зь беларускай літаратуры на ўкраінскую мову і з украінскай літаратуры на беларускую мову.

— Скажыце яшчэ некалькі словаў пра выданьне вашага ўнівэрсытэту Studia Białorutenistyczne. Пра што там людзі пішуць?

— Гэта, можна сказаць, наша агульнае дзіця з гісторыкамі і мовазнаўцамі. Мы вельмі ганарымся гэтым выданьнем. Мне здаецца, што з навуковых выданьняў, прысьвечаных беларусазнаўчым дасьледаваньням, гэта найлепшае выданьне ў Польшчы.

Ёсьць свае арганізацыйныя праблемы з гэтым выданьнем, але рэдакцыя стараецца, каб яно было і цікавым, і карысным, і дзеля гэтага зьбірае навукоўцаў ня толькі з Польшчы, але і з-за мяжы — Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Расеі, Украіны. Тэксты ў нас на беларускай мове, і на польскай, і на ангельскай, і на нямецкай. У часопіса тры сэкцыі: гістарычная, мовазнаўчая і літаратурная. Часопіс даступны бясплатна ў інтэрнэце.

Пасьля 2020 году ў нас зьявілася новая праблема: у нас адмаўляюцца друкавацца спэцыялісты зь Беларусі — яны проста баяцца.

— Што вы самі цяпер публікуеце і перакладаеце?

— Я ўвесь 2020 год зьбірала вершы, якія пісаліся па гарачых падзеях у Беларусі, у мяне назьбіралася больш за 80 аўтараў, а ў кожнага зь іх больш чым адзін тэкст. На падставе гэтага матэрыялу я напісала артыкул у апошні нумар Studiów Białorutenistycznych. І падчас гэтай працы ў мяне здарыўся такі пабочны эфэкт — некаторыя з гэтых вершаў я пачала перакладаць на польскую мову.

Найноўшы нумар уроцлаўскага часопісу Rita Baum (https://www.ritabaum.org.pl/) апублікаваў мой пераклад паэмы Сяргея Прылуцкага «МУС, або Дантэ не выходзіць з комы».

Я таксама ў розных месцах апублікавала пераклады вершаў Дзьмітрыя Строцава, Насты Кудасавай, Уладзя Лянкевіча, ёсьць у мяне некалькі перакладаў Сабіны Брыло, Дашы Ліс… Ну, але гэта такія адзінкавыя спробы. Найбольш я пераклала Сяргея Прылуцкага, вершы, якія ўвайшлі ў яго зборнік «Эўрыдыка не азіраецца».

Натальля Русецкая — беларуская паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца. Нарадзілася ў 1974 годзе ў мястэчку Ўрэнь Ніжагародзкай вобласьці (Расея). Расла і вучылася ў Менску, атрымала дыплём філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пазьней пераехала ў Люблін (Польшча), дзе абараніла дысэртацыю. Піша вершы, займаецца перакладамі, дасьледуе беларускую літаратуру розных эпох. Выдала паэтычныя зборнікі «Два бяссоньні» (2004) і «Каштаны ў кішэнях» (2015), а таксама манаграфіі «Сямейная муза. Паэзія Францішкі Ўршулі Радзівіл» (2007) і «Поколение RU белорусской драмы: контекст, тенденции, индивидуальности» (у суаўтарстве з І. Лапо і С. Кавалёвым, 2020). Пераклала на беларускую мову творы Віславы Шымборскай, Вітальда Гамбровіча і інш. Жыве ў Любліне, выкладае ў Люблінскім унівэрсытэце Марыі Складоўскай-Кюры.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG