Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Ноччу ты заўсёды дома». Зьняволены журналіст Алег Грузьдзіловіч напісаў, чаму вязьні ня любяць раніцы

«Ноччу ты заўсёды дома». Зьняволены журналіст Алег Грузьдзіловіч напісаў, чаму вязьні ня любяць раніцы


Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч пасьля адседкі 10 сутак у ізалятары. Менск, 26 ліпеня 2021 г.
Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч пасьля адседкі 10 сутак у ізалятары. Менск, 26 ліпеня 2021 г.

Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч працягвае свае допісы з «Валадаркі», СІЗА нумар 1 гораду Менску.

У новых лістах да жонкі Мар’яны Алег Грузьдзіловіч падрабязна расказаў, як ладзяць сьняданак, што самае каштоўнае ў прагулках і чаму вязьні так ня любяць раніцу.

«Кампанія — цярпець можна»

Алег застаецца ў той жа камэры, куды яго на «Валадарцы» адпачатку засялілі. Тое, што ня трэба пераяжджаць, у турме звычайна маюць за добрае. Зь мінусаў — у камэры няма тэлевізара, да таго ж сярод сукамэрнікаў паболела курцоў, але кураць яны каля прыбіральні, дзе асобная выцяжка, таму дым перашкаджае менш.

«Кампанія — цярпець можна. Ты сама параўноўвала з касьмічным караблём, дзе мусяць ужывацца розныя характары, звычкі, каштоўнасьці і інтарэсы», — напісаў вязень жонцы.

Сьпіць Алег на худым матрацы, таму падсьцілае на ложак амаль усё адзеньне, і «бакі раніцай ужо ня так баляць».

«Абуджэньне — гэта вяртаньне ў рэчаіснасьць»

Журналіст называе раніцу квінтэсэнцыяй знаходжаньня ў турме.

«Уяві, у першую раніцу тут, а гэта было ўжо 25-га, я прачынаюся, кажу ўсім „Добрай раніцы“. Яшчэ ўчора ўвечары ўсе былі такія гаваркія, жартавалі, а тут у адказ — цішыня. Усе змрочныя, нават злыя, робяць заўвагі, ня стрымліваюць некаторых эмоцый, якіх удзень не відаць. Што такое?

Цяпер разумею, чаму гэтак. Ноччу ты сьпіш ці ня сьпіш, але ў думках ты заўсёды дома. А ў некаторых снах дык быццам рэальна дома ці на волі, бачыш родныя твары, размаўляеш зь імі, нават дакранаесься. Але са званком на пад’ём гэтая ілюзія імгненна руйнуецца, і каб перажыць гэты пераход, трансфармацыю, патрэбны час.

Плюс будучыня тут сьвеціць усім розная. Ёсьць хлопцы па 328 („наркатычны артыкул“. — РС), якім сьвеціць 10 і больш гадоў, і ясна, што для іх абуджэньне — гэта вяртаньне ў такую рэчаіснасьць, якой не пазайздросьціш, ды і іншым не салодка», — апісаў Алег, чаму ў турме ня любяць раніцы.

«Некаторыя кашу не ядуць, адразу яе ва ўнітаз»

Аднак ратуе тое, што раніца прабягае вельмі хутка. А 6-й гадзіне пад’ём, умываньне, зарадка. Потым прыносяць белы і чорны хлеб, мяшочак з цукрам, а потым кашу з гарбатай.

«Але большасьць гарбату ці каву заварваюць сваю. Некаторыя і кашу не ядуць, адразу яе ва ўнітаз, а ў місцы заварваюць сваё, часьцей хуткараспушчальную грэчку. Дастаюць з вакна агульныя прысмакі: сала, каўбасу, сыр, з-пад стала — „абшчак“: хлеб, печыва, і пачынаецца сьняданак. Гэтак недзе да 7-й раніцы», — расказвае палітвязень.

Потым хтосьці яшчэ мыецца, а дзяжурны прыбірае камэры. Астатнія ў гэты час сядзяць на ложках і чытаюць, нехта дасыпае, хоць гэта забаронена і можна атрымаць вымову. Тры вымовы — карцар.

А 8-й гадзіне праверка, прыходзіць корпусны дзяжурны. Калі нешта не ў парадку, таксама можна атрымаць вымову.

«Як бачыш белы сьвет, адчуваеш сябе амаль як на волі»

«А потым чуем з калідора: „Гуляць! Апранаемся!“», — працягвае Алег.

Гадзінная прагулка можа пачацца а 9-й гадзіне або пазьней, або пасьля абеду.

У двары шмат галубоў і шэрых варон.

«Як нас вядуць на прагулку, дык у адным месцы выходзім на двор на 5 сэкундаў, і там галубы пад вокнамі з кратамі. Відаць, вязьні ім нешта выкідаюць. Як гуляем, бывае, чарада галак ці варон ляціць, нават відаць праз краты над галавой», — працягвае рэпартаж з турмы карэспандэнт.

Са сваёй камэры яны ня могуць карміць птушак, бо не дазваляе канструкцыя вакна.

«Я б да вечара гуляў. Як бачыш белы сьвет, адчуваеш сябе амаль як на волі, і потым дзень пад замком ужо ня так цяжка пераносіцца. Як вядуць назад у камэру, яшчэ раз выводзяць на сьвятло, — тады разьвітваюся з днём, хоць ён яшчэ не прайшоў. Але больш сьвятла ня ўбачым да наступнага дня», — піша Алег.

«Больш ня трэба баяцца»

«Як прыходзім з прагулкі — кава, прысмакі, больш жартаў, расказаў, людзей ужо не пазнаць, зноў добразычлівыя», — перадае настроі ў камэры журналіст.

Сярод заняткаў — выклікі ў «кабінэт»: да сьледчых, адвакатаў, на суды. Тады ў камэры зьяўляецца больш навінаў, падзей, «варушняку».

«Але па вялікім рахунку гэта калі і можна назваць жыцьцём, дык вельмі маральна цяжкім. Бо людзі ня ведаюць свайго лёсу, а дарэмныя спадзяваньні іх толькі мучаць», — падсумоўвае вязень.

Ён даведваецца навіны з газэты «Белорусы и рынок», прыкладам, пра прысуд журналісту Аляксандру Івуліну, пра тое, што Літва перастала прапускаць калійную прадукцыю зь Беларусі.

Алег прызнаўся жонцы, што чакаў трэцяга затрыманьня. А калі яго забралі, адчуў палёгку, бо «больш ня трэба баяцца».

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе, выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Фактычна справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. За гэта ён у 2020 годзе адбыў адміністрацыйны арышт.

За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога завялі крымінальную справу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG