Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратура ў цені вайны. 10 навінак кніжнага рынку Ўкраіны


Кніжны кірмаш Book Forum у Львове, верасень 2021
Кніжны кірмаш Book Forum у Львове, верасень 2021

Мне ні разу не пашэнціла пабываць на кніжных кірмашах ва Ўкраіне — ні на кіеўскім «Арсэнале», ні на львоўскім Book Forum. Ты ня менш я час ад часу сачу ў інтэрнэце за тым, што выдаюць паўднёвыя суседзі беларусаў. І кожны раз мне робіцца зайздрасна — па-добраму, канешне.

Можна спрачацца, наколькі эфэктыўна ўкраінцы скарысталі постсавецкі час для пабудовы жыцьцяздольнай палітычнай сыстэмы і эканомікі. Але ніхто ня стане пярэчыць, што апошняе трыццацігодзьдзе стала часам росквіту ўкраінскай культуры і літаратуры.

Прапаную глянуць хоць адным вокам на тое, што зьявілася на выдавецкім рынку Ўкраіны за апошні год ці паўтара, каб займець пэўны ўгляд у актуальныя зацікаўленьні ўкраінскіх выдаўцоў, аўтараў і чытачоў. Мой угляд, безумоўна, суб’ектыўны і ў дадатак, так сказаць, пэрсанальна скасабочаны — мне яшчэ асабліва цікава тое, што ўкраінцы перакладаюць на сваю мову.

Пачну з двух аўтараў, зь якімі мне даводзілася перасякацца ў жыцьці і нават пагутарыць для Свабоды.

Сяргей Жадан летась выдаў кніжку пад назовам «Вышываны. Кароль Украіны». Цяжка мне адназначна залічыць гэтае выданьне да нейкага акрэсьленага жанру — мабыць, драматургія? «Вышываны. Кароль Украіны» — гэта лібрэта аднайменнай опэры, прэм’ера якой адбылася ў кастрычніку ў Харкаве.

Даведка: Васіль Вышываны (1895–1948) — украінскі вайсковы дзеяч, палітык, дыплямат, паэт, эрцгерцаг з дынастыі Габсбургаў, быў неафіцыйным кандыдатам на ўкраінскі трон у выпадку ўсталяваньня манархіі. У 1947 годзе ён быў выкрадзены ў Вене савецкай спэцслужбай СМЕРШ, а пазьней перавезены ў Кіеў, дзе памёр у 1948 годзе ў турме.

У Юрыя Андруховіча выйшла кніга «Радыё Ноч». Змрочная гісторыя пра музыканта, які граў на фартэпіяна падчас рэвалюцыі (падобнай да Майдану), а потым быў вымушаны ўцякаць ад перасьледу на востраў, дзе запускае начное радыё і расказвае на ім гісторыю свайго жыцьця.

Марына Грыміч, пісьменьніца, філёляг, гісторык, выдавец, аўтарка тузіна папулярных раманаў, у 2021 годзе выдала кнігу «Вугледар — 2099». Сюжэт гэтага камэдыйна-футурыстычнага раману разгортваецца ў Вугледары, сёньня шахтарскім гарадку ў Данецкай вобласьці, а ў будучыні (то бок у 2099 годзе) — унівэрсытэцкім і тэхналягічным цэнтры ўсясьветнага значэньня.

Аліса Гаўрыльчанка — паводле Вікіпэдыі, гэта ўкраінская паэтка. Але летась яна выдала прозу пад загалоўкам «Пракляты месяц». Не магу ўстрымацца, каб не працытаваць тут выдавецкі анонс:

«Дэтэктыўны трылер у жанры нуар распавядае пра сучасную Ўкраіну. Недалёка ад акупаванага Данецку быў зьбіты пасажырскі Boeing 777, які ляцеў з Амстэрдаму ў Куала-Лумпур. У гэтым самалёце знаходзілася дачка кітайскага мільярдэра, у якой быў рэдкі брыльянт пад назвай „Блакітны месяц“.

Цела дзяўчыны знайшлі, але ад дыямэнта не засталося ні сьледу. Яго шукалі давераныя людзі кітайскага мільярдэра і многія іншыя, у кожнага зь якіх свая мэта адносна знаходкі. Колькі яшчэ крыві пральецца пад „Блакітным месяцам“, які ўжо празвалі „праклятым“?».

Ну і яшчэ адно імя — Юрый Віньнічук, якому ў 2021 годзе выдалі раман «Віла Дэкера». І яшчэ адзін выдавецкі blurb:

«У гэтым рамане аўтар па-майстэрску балянсуе на мяжы дэтэктыву і палітычнага трылеру — гэтаксама, як яго героі балянсуюць у нявызначаным часе на працягу апошняга тыдня перад Другой сусьветнай вайной. Цыкл небясьпечных прыгод і жорсткіх злачынстваў, парадаксальны гумар, глыбокае веданьне таемнага жыцьця даваеннага Львова, сакавітая мова, крымінальныя і любоўныя інтрыгі — усё гэта чытач знойдзе ў новым рамане прызнанага майстра».

Цяпер пра маю пэрсанальную скасабочанасьць.

У Беларусі ў сьнежні выйшаў у перакладзе нашага рэдакцыйнага калегі Сяргея Шупы раман Габрыеля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха». А вось украінскае выдавецтва «Фоліо» летась пачало выдаваць збор твораў Маркеса ў пяці тамах. Першы том — «Кохання під час холери». Мяркуючы па выдавецкім анонсе, украінскай «Восені патрыярха» ў гэтым пяцітомніку ня будзе, але будуць, а як жа іначай, «Сто гадоў адзіноты».

Вялікае ўражаньне зрабіла на мне паведамленьне, што летась зьявіўся ўкраінскі пераклад раману Кадзуо Ісігура «Клара і Сонца». Тое што трэба для нармальнага функцыянаваньня рынку кніжкі — гэтая антыўтопія нобэлеўскага ляўрэата выйшла па-ангельску ў сакавіку 2021 году. Украінскі выдавец, які зрабіў такі своечасовы падарунак чытачам — «Видавництво Старого Лева».

Летась ва Ўкраіне выйшаў таксама пераклад брытанскага бэстсэлера 2004 году «Jonathan Strange & Mr Norrell» Сюзаны Кларк. Дзеяньне раману адбываецца ў альтэрнатыўнай Англіі ХІХ стагодзьдзя, у якой у публічнае жыцьцё вяртаецца магія… — далей пра што раман можаце пачытаць у Вікіпэдыі. Аб’ём раману — больш за 900 старонак.

Маргарэт Этвуд — «Орикс і Деркач» (2021). Арыгінал гэтага постапакаліптычнага твору з памежжа навуковай фантастыкі і прыгодніцкага раману — «Oryx and Crake» — выйшаў у 2003 годзе.

І ўрэшце нешта найцяжэйшага калібру — украінскі пераклад (бясстрашны перакладчык: Тарас Бойка) раману амэрыканскага пісьменьніка Томаса Пінчана «Gravity’s Rainbow» (1973). «Вясёлка гравітацыі» (загаловак украінскай вэрсіі 2021: «Веселка тяжіння») лічыцца шэдэўрам амэрыканскай літаратуры і адначасова адным з самых цяжкіх тэкстаў для перакладу, не раўнуючы як «Уліс» Джойса або і «Finnegans Wake».

Калісьці, на сьвітаньні беларускай незалежнасьці, калі мне здавалася, што беларусы стануць чытаць па-беларуску так, як палякі па-польску, я паспрабаваў быў перакласьці першы разьдзел гэтай «Вясёлкі»

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG