Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упаў за дзень да сьмерці, памёр у машыне «хуткай». Выйшаў фільм з дэталямі гібелі Вітольда Ашурка


Вітольд Ашурак
Вітольд Ашурак

«Альянс расьсьледавальнікаў Беларусі» разам з «Кібэрпартызанамі» правялі сваё расьсьледаваньне загадкавай сьмерці палітвязьня Вітольда Ашурка ў шклоўскай калёніі ў траўні 2021 году. Яны сьцьвярджаюць, што Ашурка забілі. Адказныя за сьмерць — адміністрацыя ПК № 17 і мэдпэрсанал.

Аўтары называюць імёны датычных да сьмерці Вітольда Ашурка, расказваюць новыя падрабязнасьці сьмерці палітвязьня і падаюць імаверную прычыну сьмерці.

Вось некаторыя тэзісы і падрабязнасьці справы аб забойстве Вітольда Ашурка, пра якія заяўляюць аўтары фільму:

  • на момант этапаваньня з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію ён быў здаровы;
  • за час карантыну і штрафнога ізалятара яго давялі да зьнясіленьня;
  • цела сваякам выдалі са шматлікімі прыжыцьцёвымі пашкоджаньнямі;
  • імаверныя прычыны падзеньня Вітольда — узьдзеяньне прэпаратаў, агульнае зьнясіленьне арганізму з прычыны пазбаўленьня ежы і сну, катаваньні;
  • адказныя за сьмерць — адміністрацыя ПК № 17 і мэдпэрсанал;
  • адсутнасьць афіцыйнай вэрсіі падзей, вынікаў экспэртыз, а таксама дзеяньні адміністрацыі ПК № 17 — гэта дадатковыя пацьверджаньні высноваў расьсьледаваньня.

Стан перад падзеньнем маглі выклікаць супакаяльныя лекі

Судмэдэкспэрт з больш як 10-гадовым стажам Надзея Гурманчук выказала вэрсіі, што магло стаць прычынай падзеньня Вітольда Ашурка.

На ейную думку, ягоны стан мог быць выкліканы прыёмам лекаў, такіх як дыязэпам, клёназэпам — псыхаактыўных рэчываў, якія маюць снатворнае, супакаяльнае дзеяньне, зьніжаюць тонус цягліцаў. Такія прэпараты даюць вязьням надзвычай рэдка, прыкладам, калі вязень доўгі час ня можа спаць. У калёніі вядзецца ўлік такіх лекаў.

Надзея Гурманчук разважае, што калі б у Ашурка было адмысловае захворваньне, то ён бы страціў прытомнасьць пасьля першага падзеньня, і яго б тады мусілі зьмясьціць у мэдычную ўстанову, або ён памёр бы адразу на месцы.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, упаў за дзень да сьмерці

Супрацоўнікі шклоўскай калёніі зафіксавалі гэтае падзеньне вязьня як «акт членашкодніцтва», нібыта ён дэманстратыўна ўдарыўся галавой аб водаправодны кран.

Урач-псыхоляг-нарколяг мэдычнай часткі шклоўскай калёніі Ігар К. зафіксаваў гэта толькі праз 8 гадзін пасьля падзеньня Вітольда. Ён пазначыў у журнале, што Ашурак упаў 20 траўня 2021 году, за дзень да афіцыйнай даты сьмерці.

«Казаць пра тое, што Вітольд Ашурак зьдзейсьніў членашкодніцтва, немагчыма... Відаць, што спэцыяльна ён ня падаў, наадварот — стараўся захаваць раўнавагу і ўтрымацца на нагах», — мяркуе Надзея Гурманчук.

Судмэдэкспэрт перакананая, што перавязаць галаву вязьню ў такім выпадку, як зрабілі ў калёніі, — недастатковая дапамога. Яго неабходна было шпіталізаваць, правесьці дадатковае абсьледаваньне.

«Калі б яму аказалі своечасовую дапамогу, ён бы, напэўна, не памёр», — дапускае Гурманчук.

Перанесьлі ратаваць у машыну хуткай дапамогі

На апошнім фрагмэнце відэа Сьледчага камітэту, дзе пяцёра чалавек у форме нібыта прыйшлі ратаваць Ашурка, відаць начальнік рэжымнага аддзелу калёніі Сяргей К.

У журнале рэгістрацыі інфармацыі аб злачынствах і здарэньнях зафіксавана, што рэанімацыйныя дзеяньні спачатку праводзіла лекарка-тэрапэўтка Тацяна Р. Паводле гэтага запісу, Ашурка нібыта знайшлі ў памяшканьні камэрнага тыпу без прытомнасьці ў 15:36 21 траўня. Рэанімацыйныя дзеяньні пачаліся праз хвіліну. У 15:40 выклікалі хуткую дапамогу, якая прыехала праз 10 хвілін. У 16:10 зафіксавалі клінічную сьмерць Вітольда ў машыне хуткай дапамогі, у 16:42 — біялягічную сьмерць.

Аўтары фільму задаюць пытаньне, чаму Ашурка перанесьлі ў машыну хуткай дапамогі, якая так і ня выехала за межы калёніі, а не рэанімавалі на месцы. Яны дапускаюць, што такім чынам адміністрацыя калёніі магла спрабаваць зьняць зь сябе адказнасьць за сьмерць зьняволенага.

Запісы пра тое, што адбылося, унесьлі ў журнал толькі бліжэй да поўначы таго ж дня 21 траўня, спачатку — начальнік мэдычнай часткі ПК № 17 Натальля Д., а праз 17 хвілін дзяжурны памочнік начальніка ПК № 17 Дзяніс С.

«Было проста не пазнаць, і гэта за месяц»

Цела Вітольда выдалі сваякам зь перабінтаванай галавой «ад макаўкі да носа». У моргу гэта патлумачылі тым, што цела ўдарылі, калі вымалі зь лядоўні.

Судмэдэкспэрт Гурманчук кажа, што ў ейнай практыцы не было выпадкаў, каб хтосьці выпускаў з рук труп. Яна тлумачыць, што звычайна цела нябожчыка не перабінтоўваюць так грунтоўна.

Брат Вітольда Андрэй Ашурак і сябар Сяргей Пантус дасьледавалі цела нябожчыка пасьля сьмерці. Яны адзначылі, што мужчына быў значна худзейшы, чым пры жыцьці, зьнясілены.

«Было проста не пазнаць, і гэта за месяц», — кажа Андрэй Ашурак, які сустракаўся зь Вітольдам у горадзенскай турме незадоўга перад этапам брата ў калёнію. Тады Вітольд выглядаў бадзёрым і не такім худым.

На пахаваньні Вітольда, які да гэтага важыў 72 кіляграмы, ягоную труну маглі падняць двое падлеткаў, перакананы брат нябожчыка, настолькі схуднеў вязень.

На целе Ашурка, у тым ліку на нагах, блізкія выявілі траўмы. Судмэдэкспэрт Надзея Гурманчук пракамэнтавала, што яны маглі зьявіцца пры жыцьці мужчыны ад узьдзеяньня тупога цьвёрдага прадмета. Яна выказала здагадку, што гэта мог быць рог прадмета, прыкладам рог стала, або зьвязка ключоў, манціроўка, асадка. Таксама яны маглі зьявіцца пасьля сьмерці нябожчыка, але ў такім выпадку іх лякалізацыя нетыповая пры судова-мэдычным дасьледаваньні трупа.

Таксама блізкія выявілі надзвычай рухомы нос. Прычынай гэтаму мог стаць пералом носа.

Незалежная судмэдэкспэртка па выглядзе цела зрабіла выснову, што рэальная дата сьмерці Ашурка можа супадаць з афіцыйнай вэрсіяй — 21 траўня 2021 году.

У сьведчаньні аб сьмерці Вітольда Ашурка, якое складаў дзяржаўны мэдычны судовы экспэрт з Магілёўскай вобласьці Анатоль Б., у радку аб прычыне сьмерці напісана: «высьвятляецца».

Дзёньнік, пра які Вітольд пісаў блізкім у лістах, зьнік. Яго ня выдалі сваякам разам зь іншымі асабістымі рэчамі вязьня. на думку Андрэя Ашурка, там Вітольд мог апісаць, што зь ім было перад сьмерцю.

«Надзяваюць чорны мяшок на галаву і жорстка зьбіваюць»

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», пасьля таго як шклоўскую калёнію ўзначаліў Аляксандар К., там зьявіліся новыя правілы. У першы дзень навічкам надзяваюць чорны мяшок на галаву, кайданкі на рукі, жорстка зьбіваюць і ўжо ў ляжачым стане вывозяць у мэдыцынскую частку. Далей вязьняў таксама б'юць, прымушаюць адціскацца, прысядаць, сьпяваць песьні.

Прычынай сьмерці магла быць чэрапна-мазгавая траўма

Старшы сьледчы УСК па Магілёўскай вобласьці, які займаўся выпадкам сьмерці Вітольда Ашурка, Павал С. спачатку не даваў сваякам ніякай інфармацыі пра ход расьсьледаваньня, а потым перастаў адказваць на тэлефанаваньні.

Надзея Гурманчук таксама заўважыла, што судовая мэдычная экспэртыза пасьля сьмерці чалавека звычайна ідзе ня больш за 30 дзён, часам яе падаўжаюць, але на невялікі тэрмін. Дадатковай экспэртызы не прызначаюць, пакуль ня пройдзе першасная. Аднак вынікі першаснай экспэртызы дагэтуль невядомыя.

Аўтары фільму перакананыя, што дзяржаўныя судовыя мэдычныя экспэрты, які праводзілі агляд цела Ашурка, ужо ведаюць, ад чаго ён памёр.

Надзея Гурманчук на падставе той інфармацыі, якая ёсьць, зрабіла дапушчэньне, ад чаго мог памерці Вітольд Ашурак. На ейную думку, гэта магла быць чэрапна-мазгавая траўма, аднак пакуль нельга сьцьвярджаць гэта з пэўнасьцю.

Хто такі Вітольд Ашурак

  • Вітольд Ашурак — палітычны і грамадзкі актывіст. Сябар партыі БНФ, абласны каардынатар руху «За свабоду». Жыў і працаваў у Бярозаўцы (Лідзкі раён). Нарадзіўся 13 кастрычніка 1970 году. Памёр 21 траўня 2021-га ў папраўчай калёніі № 17.
  • Прыйшоў у палітыку пасьля Плошчы-2010 і арышту пасьля яе. Тады ж перайшоў на беларускую мову. Неаднойчы балятаваўся ў мясцовыя дэпутаты і парлямэнт. Ні разу туды ня трапіў.
  • Падымаў экалягічныя пытаньні, у тым ліку пра забруджваньне паветра шклозаводам «Нёман» у Бярозаўцы, забруджваньне рэк Дзітва і Нёман, якое выклікала паморак рыбы. Выходзіў на акцыі і адзіночныя пікеты. Яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі.
  • Разам з паплечнікамі ўшаноўваў мясьціны паўстанцаў Каліноўскага на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, ставіў каліноўцам помнікі і крыжы. Удзельнічаў у цырымоніі перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе.
  • Ашурак стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году. 9 жніўня да Лідзкага райвыканкаму прыйшлі тысячы чалавек, незадаволеныя агучанымі вынікамі галасаваньня. Вітольд у той вечар і раней заклікаў усіх да мірнага вырашэньня пытаньня.
  • Актывіста затрымалі ўвечары 9 жніўня і асудзілі на 20 сутак: 15 за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», 5 дадалі за «непавагу да суду», бо Вітольд ня ўстаў, калі ўвайшоў судзьдзя. Яго выпусьцілі празь 5 дзён, калі сталі выпускаць усіх «палітычных». На плошчу ў Лідзе яго прывёз на сваёй машыне сам начальнік Лідзкага РАУС.
  • Паўторна Ашурка затрымалі 19 верасьня 2020 году. Ён мусіў адбыць прыпынены арышт (15 дзён), яшчэ 15 сутак далі за тыя акцыі, на якія ён хадзіў у жніўні і верасьні.
  • Празь месяц яго ня выпусьцілі з ізалятара. На Вітольда завялі дзьве крымінальныя справы за падзеі 9 жніўня: за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і за тое, што нібыта ўдарыў каленам у жывот міліцыянта Антона Кацілу (артыкул 364 КК Беларусі).
  • Суд праходзіў у Лідзе ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Максім Філатаў 18 студзеня 2021 году асудзіў Ашурка на 5 гадоў калёніі. Таксама актывіст мусіў выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту Кацілу.
  • Вітольд Ашурак быў прызнаны палітвязьнем.
  • 21 красавіка Ашурка перавялі з горадзенскай турмы ў шклоўскую калёнію. Цягам месяца ад яго амаль не было лістоў, хаця перад гэтым лісты сябрам і сваякам ад яго прыходзілі часта. У адным з апошніх ягоных лістоў упершыню не было фразы «Жыве Беларусь!», якой ён завяршаў кожны ліст.
  • 21 траўня родным паведамілі са шклоўскай калёніі, што Вітольд Ашурак памёр ад «спыненьня сэрца».
  • Цела аддалі сваякам празь 5 дзён. Галава «ад макаўкі да носу» была забінтаваная. У магілёўскім моргу патлумачылі гэта тым, што цела нібыта ўдарылі галавой, калі вымалі зь лядоўні. У дакумэнтах прычына сьмерці Ашурка не названая.
  • У той жа вечар зьявілася змантаванае зь некалькіх кавалкаў відэа Сьледчага камітэту, на якім нібыта апошнія моманты жыцьця Ашурка. Відаць чалавека ў пустой камэры ў робе з надпісам «ШИЗО». Ён стаіць, хістаючыся, а потым двойчы падае, б’ецца галавой. Супрацоўнік турмы перабінтоўвае яму галаву пасьля першага падзеньня і зноў пакідае аднаго ў камэры. Са словаў Сьледчага камітэту, Ашурак адмовіўся ад шпіталізацыі.
  • Сваякі думаюць, што Вітольда забілі ў калёніі.
  • Вітольда пахавалі на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам і з гімнам «Магутны Божа». Крымінальную справу па факце сьмерці Вітольда Ашурка не завялі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG