Леаніда Судаленку перавялі ў «Віцьбу»
Праваабаронцу «Вясны» Леаніда Судаленку 26 студзеня этапавалі ў «Віцьбу», паведаміла «Вясна».
Судаленку асудзілі на тры гады калёніі за «арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», і за «падрыхтоўку людзей для ўдзелу ў іх», а таксама за «фінансаваньне такіх дзеяньняў». Прысуд уступіў у сілу.
Напісаць праваабаронцу цяпер можна на адрас: ПК № 3, 211322, Віцебская вобласьць, г. п. Віцьба, Леаніду Леанідавічу Судаленку
Алеся Пушкіна пачнуць судзіць 4 лютага
Алесь Суша паведаміў у Фэйсбуку, што атрымаў ліст ад палітвязьня, мастака Алеся Пушкіна. Ён піша, што суд над ім адбудзецца да 4 лютага і, хутчэй за ўсё, будзе закрыты.
Алеся Пушкіна абвінавацілі ў тым, што ён нібыта «ўчыніў дзеяньні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасьці беларускіх калябарацыянісцкіх арганізацый», піша сайт Генпракуратуры.
«Абвінавачаны імкнуўся забыцца на ўрокі разбуральнай вайны, цынічна сказіць яе маральныя і прававыя вынікі, паставіць на адзін узровень сапраўдных герояў і здраднікаў, праславіць і апраўдаць іх, а таксама паставіць пад сумненьні рашэньні Міжнароднага ваеннага трыбуналу, якія ня маюць тэрміну даўнасьці», — гаворыцца ў тэксьце.
У пэрыяд з 21 па 24 сакавіка 2021 году Алесь Пушкін, знаходзячыся ў Кіеве, правёў пэрформанс, на якім, як лічаць у пракуратуры, «зьневажаў дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь». Выбраную раней у дачыненьні да абвінавачанага меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту намесьнік Генэральнага пракурора, накіроўваючы справу ў суд, пакінуў безь зьмяненьня.
Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 году ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры — «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара, выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні.
Сьледчыя пачалі правяраць іншыя мастацкія працы Алеся Пушкіна — цыкль «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Гэта партрэты як мінімум двух беларускіх дзеячоў антысавецкага руху часоў Другой усясьветнай вайны — Усевалада Родзькі і Міхала Вітушкі. Таксама сьледчыя высьвятлялі ролю Пушкіна ў стварэньні дакумэнтальнага фільму «Праклятыя і забытыя», зьнятага тэлеканалам «Белсат» у 2013 годзе.
Раней да Пушкіна зьвярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаваньні, але ён адмовіўся.