Беларусы змогуць датэрмінова прагаласаваць на рэфэрэндуме аб праекце Канстытуцыі, паведаміў намесьнік загадчыка аддзелу прававой, аналітычнай і мэтадычнай работы апарату Цэнтравыбаркаму Беларусі Іван Таўкач на тэлеканале СТБ, піша Zerkalo.io.
Паводле яго, будзе арганізавана як датэрміновае галасаваньне, так і асноўны дзень волевыяўленьня.
«Час такі самы — з 10:00 да 14:00 і з 16:00 да 19:00 з аўторка па суботу, і ў нядзелю — асноўны дзень галасаваньня. Тут нічога не мяняецца», — сказаў Таўкач.
Такім чынам, дні датэрміновага галасаваньня: з аўторка, 22 лютага, па суботу, 26 лютага, уключна.
Чыноўнік таксама заявіў, што на правядзеньне рэфэрэндуму выдаткавана больш за 20 мільёнаў рублёў зь бюджэту. Папярэднія вынікі канстытуцыйнага рэфэрэндуму будуць вядомыя да раніцы 28 лютага, а канчатковыя — у першы тыдзень сакавіка.