Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая сусьветная вайна — успамін пра будучыню? Меркаваньне гісторыка

Ці падобны цяперашні час на часы напярэдадні І і ІІ сусьветных войнаў? Чаму Расея выступіла са сваім ультыматумам Захаду менавіта зараз? Як доўга можа працягвацца балянсаваньне на мяжы вайны? Якой можа быць новая расейская вайна з Украінай? Ці можна прадбачыць, якім будзе сьвет пасьля яе?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае гісторык, палітычны аглядальнік Расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

Шымаў

  • Хочацца спадзявацца, што гэта ня ліпень 1914 году і ня жнівень 1939 году. Інакш нас чакае катастрофа велізарнага маштабу.
  • Цяперашняя сытуацыя мне не падаецца такой, зь якой няма іншага выйсьця, акрамя вайны. І ў 1914-м і ў 1939-м бакі былі зьвязаныя тым, што адбывалася раней.
  • Напярэдадні І сусьветнай вайны склаліся дзьве кааліцыі дзяржаваў, якія супрацьстаялі адна адной. Там былі дакладныя ўзаемныя абавязкі ўнутры гэтых кааліцыяў. І калі адбылося забойства эрцгерцага, адзін крок вымагаў наступны.
Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў
  • Цяпер Расея па сутнасьці самотная ў сваіх мэтах і патрабаваньнях. Сі Цзінпін, кітайскі лідэр, заявіў, Кітай аддае перавагу дыпляматычным, несілавым спосабам вырашэньня канфлікту. Многія аналітыкі, у тым ліку і ў Маскве, прачыталі гэта як пасланьне Пуціну — Кітай за цябе «ўпісвацца» ня будзе.
  • Я згодны з вэрсіяй, што гэта спроба рэваншу прайгралага. Нехта адносіць пачатак гэтай лініі да Мюнхэнскай прамовы Пуціна ў 2007 годзе, нехта да 2014 году. На мой погляд, адлік пайшоў яшчэ раней — з 2004-2005 гадоў, з «аранжавай» рэвалюцыі ва Ўкраіне.
  • Калі ў нулявых Анатоль Чубайс вылучыў ідэю «лібэральнай імпэрыі», ужо тады ўзьнікла памкненьне да стварэньня сваёй сфэры ўплыву прыкладна ў межах былога СССР. Аб гэтым і Ельцын спрабаваў дамовіцца з Клінтанам.
  • 1991 год кіроўным колам Расеі бачыцца як параза.
  • Цяпер Захад не захацеў гуляць па тых правілах, якія прапануе Пуцін. Атачэньне Пуціна згоднае з Бжэзінскім, які пісаў, што без Украіны Расея не адродзіцца як імпэрыя. Таму Ўкраіна — цэнтар канфлікту Расеі з Захадам.
  • Паколькі Байдэн нічога Крамлю не прапанаваў, вырашана падвысіць стаўкі і выставіць комплексны ўльтыматум. Гэты працэс неабавязкова павінен завяршыцца сілавой акцыяй, але рызыка ў тым, што стаўкі могуць узьняцца так высока, што шляху назад ня будзе без страты твару.
  • Балянсаваньне на мяжы вайны ня можа працягвацца занадта доўга.
  • Першы Бэрлінскі крызіс цягнуўся 11 месяцаў, але гэта не гады. Чым даўжэй цягнецца пэрыяд вострага напружаньня, тым большая рызыка эксцэсу выканаўцы. І далей сьнежны камяк можа пакаціцца да вялікай вайны.
  • Ёсьць і іншая небясьпека — незадаволенасьць «ястрабаў» у атачэньні лідэра, што напружанасьць не прыводзіць да выніку. У 1938 годзе крызіс вакол Чэхаславаччыны цягнуўся амаль год. І падчас крызісу некаторыя нямецкія генэралы падумывалі аб тым, каб адхіліць ад улады Гітлера, паколькі выніку крызісу не было.
  • Паколькі і цяпер сытуацыя зацягваецца, Пуцін будзе вымушаны нешта рабіць: альбо прад’явіць сурʼёзнае пагадненьне з Захадам альбо ўжыць сілу, каб зьмяніць сытуацыю.
  • Калі сілавая опцыя будзе абраная Крамлём, я б схіляўся да вэрсіі хуткага, лякальнага ўдару. Заваёўваць усю Ўкраіну складна. Цяперашняя Ўкраіна — гэта не Ўкраіна 2014 году. У яе даволі баяздольная армія. Яна слабейшая за расейскую, і зразумела, што поўнамаштабную вайну з Украінай Расея выйграе. Але крыві там пральецца шмат, каб выклікаць і ўнутрырасейскія наступствы. Ня думаю, што Расея гатовая да стратаў у памеры тысячаў жыцьцяў.
  • А вось кароткая апэрацыя, разбурэньне ўкраінскай лініі абароны на Данбасе — гэта магчыма. Учора частка дэпутатаў Дзярждумы заклікалі Пуціна прызнаць незалежнасьць ДНР і ЛНР. Гэта той маштаб дзеяньняў, які я магу сабе ўявіць.
  • Анэксаваць сэпаратысцкія рэгіёны Ўкраіны зараз Расеі няма ніякай карысьці. Фактычна яны і так датуюцца Расеяй. Там акрамя Данецку важных цэнтраў няма. У такога набытку няма сымбалічнага капіталу, які быў у Крыму. І гэта наўпроставы выклік санкцыяў.
  • Нехта зь вялікіх сказаў — ты можаш пачаць вайну, але ты ніколі ня скончыш яе так, як хацеў, пачынаючы яе. Гэта тычыцца і пераможцаў таксама.
  • Калі будзе абраны сілавы варыянт, то падчас яго рэалізацыі можа адбыцца нешта, што перавядзе сытуацыю ў іншую плашчыню. Падчас украінскага крызісу з 2014 году такі момант быў — гэта зьнішчэньне малайзійскага Боінгу.
  • Калі б ня гэта, то санкцыйная ўпартасьць Захаду, магчыма, не было б такой, якой яно стала. Цалкам імаверна, што і падчас новай вайны Расеі і Ўкраіны адбудзецца нешта такое, пасьля чаго палітычны дыялёг будзе вельмі ўскладнены.
  • Заходнія палітыкі арыентуюцца на настроі свайго насельніцтва. Для эўрапейскіх і амэрыканскіх выбарнікаў гэты канфлікт усё ж далёкі. Гэты попел ня вельмі моцна бʼецца ў іх сэрцах. І гэта захаваецца, калі канфлікт не прывядзе да нечага экстраардынарнага.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG