Як паведаміла ўкраінскае інтэрнэт-выданьне Еnkorr са спасылкай на свае крыніцы, найбольш актыўна гандаль нафтапрадуктамі адбываўся ў другой палове мінулага году.
У прыватнасьці, летась Беларусь павялічыла на 17% адгрузку ва Ўкраіну ўсіх відаў бэнзінаў да 1 мільёна тон і захавала на ўкраінскім рынку долю ў 78%.
У пастаўках дызэльнага паліва Беларусь вярнула страчанае ў 2018 годзе лідэрства на ўкраінскім рынку. Колькасьць набытага ў Беларусі гэтага віду паліва павялічылася на 30% і дасягнула 2,89 мільёна тон. Доля беларускага дызэльнага паліва на ўкраінскім рынку склала ў 2021 годзе 42%.
Летась Беларусь стала яшчэ і найбольшым пастаўшчыком бітуму ва Ўкраіну, павялічыўшы сваю прысутнасьць на ўкраінскім рынку да 57%. Паводле інфармацыі выданьня, у 2021 годзе Ўкраіна набыла за мяжой 1,098 мільёна тон бітуму, у тым ліку 625 тысячаў тон — у Беларусі. Такім чынам, Беларусь павялічыла пастаўкі бітуму ва Ўкраіну на 7,2% у параўнаньні з 2020 годам.
У той жа час Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны пакуль не апублікавала афіцыйнай статыстыкі пра вынікі зьнешняга гандлю ў 2021 годзе. Беларусь жа ўвогуле засакрэціла статыстку свайго гандлю нафтапрадуктамі.
У верасьні з украінскай статыстыкі стала вядома, што нафтапрадукты склалі амаль палову ўсяго экспарту зь Беларусі ва Ўкраіну.
Нафтапрадукты ва Ўкраіну пастаўляюць украінскія кампаніі БЗТ-Україна і БНК-Україна — даччыныя кампаніі беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў «Белзарубежторг», «Беларуская нафтавая кампанія» і «Беларуснафта»).
Летась ЗША ўвялі санкцыі супраць дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім» і наваполацкага заводу «Нафтан».
З канца 2021 году БНК-Украіна перастала ўдакладняць, на якім заводзе выраблены нафтапрадукты. У сваіх прапановах на продаж кампанія паведамляе, што пастаўкі можна ажыцьцяўляць чыгункай або аўтамабільным транспартам з адгрузкай з нафтабазы «Мазыр-11». БЗТ-Украіна пераважна гандлюе нафтапрадуктамі Мазырскага НПЗ.