Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала навіну пра самагубства палітвязьня Дзьмітрыя Дудойця, які загінуў 5 студзеня.
«Учора, 5 студзеня, Дзьмітры Дудойць забіў сябе, скокнуўшы з моста. Ён быў асуджаны „судом“ на 2 гады „хіміі“ за камэнтар, які пакінуў у „Аднаклясьніках“. „Хімія“ — гэта ўзаконенае рабства, дзе чалавек займаецца нізкакваліфікаванай працай і зазнае прыніжэньні. Мы ня ведаем, што прывяло яго на той мост, але ведаем, якія невыносныя ўмовы, у якіх Дзьмітры знаходзіўся. І ўсё гэта — за напісаныя яшчэ да выбараў шэсьць словаў.
Балюча чытаць і чуць падобныя навіны. Беларус, які мог бы шмат дзесяцігодзьдзяў будаваць разам з усімі краіну для жыцьця, трапляе на „хімію“ ды пакідае жыцьцё. Я хачу выказаць спачуваньні родным і блізкім Дзьмітрыя Дудойця. Беларусы не павінны паміраць празь нежаданьне аднаго чалавека прыняць рэальнасьць і сысьці».
Дзьмітры Дудойць быў асуджаны на два гады «хіміі» за камэнтар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталя Куляшова. Свой тэрмін ён адбываў у Магілёве. На «хіміі» правёў адзін тыдзень.
Як удалося даведацца Радыё Свабода, Дзьмітры Дудойць з 29 сьнежня быў на карантыне — як і ўсе, хто трапляе на «хімію». Калі супрацоўнікі-канвойныя вялі яго ў паліклініку на камісію, каб вызначыць стан здароўя (гэта стандартная працэдура), ён скочыў з моста.