Ва ўрадавай базе пацыентаў тэлефонны нумар, якім валодае кіраўнік урадавага тэлеканалу TVP Яцэк Курскі, нехта замяніў на несапраўдны. Адбылося гэта 13 сьнежня — на наступны дзень пасьля таго, як той здаў станоўчы тэст на каранавірус. Па нумары ўлады кантралююць, ці знаходзіцца пацыент з каранавірусам у хатняй ізаляцыі. Зьмены ў базе заўважылі журналісты Onet.pl.
Ва ўрадавай базе пасьля першага расьсьледаваньня журналістаў пра Курскага нехта стварыў ягоны новы профіль, у якім не было ніякіх зьвестак пра станоўчыя тэсты на COVID-19. Няма там і ніякай інфармацыі пра іншыя тэсты, якія за ўвесь час праходзіў шэф тэлеканалу.
Замест 10 дзён ізаляцыі, якія патрабаваліся пасьля станоўчага тэсту, Яцэк Курскі быў у ёй меней за 2, толькі 40 гадзін. У сапраўдным профілі Курскага спачатку быў і сапраўдны нумар тэлефону, які супаў з тым, які ён пазначыў у пазове да журналістаў у суд. Пры гэтым Курскі 19 сьнежня лятаў у Францыю, каб прысутнічаць на дзіцячай «Эўравізіі» ў Парыжы, хаця ў гэты час ён мусіў быць на карантыне дома.
Журналісты зьвярнуліся да Міністэрства здароўя, якое адказвае за электронную базу, з пытаньнямі, як стала магчымым, што ў сыстэме існуюць дзьве розныя старонкі на аднаго чалавека і якім чынам туды ўводзілі несапраўдныя дадзеныя, а таксама як кіраўнік каналу мог парушыць ізаляцыю і чаму дзяржава гэтага не пракантралявала.