Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечніца Навальнага расказала пра зьмену аховы ў гатэлі да яго атручваньня


Шпіталізацыя Аляксея Навальнага ў Омску.
Шпіталізацыя Аляксея Навальнага ў Омску.

У томскім гатэлі Xander, дзе спыняўся расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны, за два дні да яго атручваньня цалкам зьмянілі ахову.

Пра гэта ў падкасьце The Insider (выданьне прызнана расейскімі ўладамі «замежным агентам») распавяла Марыя Пеўчых, супрацоўніца аддзелу расьсьледаваньняў заснаванага Навальным Фонду барацьбы з карупцыяй (9 чэрвеня Масгарсуд прызнаў ФБК экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніў яе дзейнасьць).

Крыніцы каманды Навальнага лічаць, што зьмену аховы арганізавала ФСБ, таму відэа з камэр гатэля ў прынцыпе не магло быць у супрацоўнікаў Xander. «У выніку, калі мы там спыніліся, усімі камэрамі загадвалі зусім незразумелыя людзі. Наша крыніца ня ведае хто гэта. Ён толькі ведае, што ўсё зьмянілася. Для супрацоўнікаў гэта выглядала як наём новага ЧОП (прыватнага ахоўнага прадпрыемства — РС). А мы зараз разумеем, што гэта быў далёка ня новы ЧОП, а гэта ФСБ. І яны не тое, каб выкралі запісы з камэраў, там першапачаткова сыстэма была выбудавана такім чынам, што гэтыя запісы не аказаліся б у пэрсаналу гатэля», — кажа Пеўчых.

Калі самалёт з Навальным прызямліўся ў Омску з прыкметамі атручэньня апазыцыянэра, паплечнікі палітыка вярнуліся ў нумар томскага гатэлю, каб забраць магчымыя доказы. Відэа з камэр гатэля ім так і не ўдалося атрымаць.

Па выніках сумеснага расьсьледаваньня The Insider, Bellingcat і CNN пры ўдзеле Der Spiegel журналісты апублікавалі імёны і званьні супрацоўнікаў ФСБ, якія падазраюцца ў датычнасьці да атручваньня Навальнага «Навічком». Таксама расьсьледавальнікі адзначалі, што замах у Томску ня быў першай спробай — за два месяцы да гэтага тыя ж супрацоўнікі ФСБ, як мяркуецца, зьдзейсьнілі замах на апазыцыянэра ў Калінінградзе, пры гэтым ледзь не забіўшы Юлію Навальную. Ключавую ролю ў замаху нібы адыгрывала спэцыяльнае падразьдзяленьне Інстытуту крыміналістыкі ФСБ.

Пазьней сам Аляксей Навальны апублікаваў працяг расьсьледаваньня аб «групе атрутнікаў» з ФСБ. Апазыцыянэр выклаў сваю гутарку з Канстанцінам Кудраўцавым — меркаваным супрацоўнікам ведамства, які мог удзельнічаць у яго атручваньні. Кудраўцаў распавёў мноства дэталяў замаху. Ён у тым ліку пацьвердзіў, што жыцьцё Навальнаму выратавалі дзеяньні пілётаў і атрапін, уведзены мэдыкамі хуткай дапамогі, а таксама растлумачыў, што атрута была нанесеная на ніжнюю бялізну, а зьнішчыць сьляды атручваньня ФСБ дапамагалі супрацоўнікі транспартнай паліцыі.

20 жніўня 2020 году Навальны ляцеў у Маскву з Томска, дзе сустракаўся са сваімі прыхільнікамі. На борце самалёта палітыку рэзка стала дрэнна, пасьля чаго пілёты экстрана пасадзілі лайнэр у Омску, а Навальнага шпіталізавалі ў бальніцу ў стане комы. Праз два дні яго перавезьлі ў клініку ў Нямеччыне.

Расейскія лекары не знайшлі ў арганізьме палітыка сьлядоў атручваньня. У Бэрліне спэцыялісты выявілі прысутнасьць баявога атрутнага рэчыва, падобнага па складзе з атрутай «Навічок», які раней выкарыстоўвалі пры замаху на былога супрацоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля ў брытанскім горадзе Солсбэры.

Некалькі незалежных эўрапейскіх лябараторый, а таксама Арганізацыя па забароне хімічнай зброі пацьвердзілі, што Аляксея Навальнага атруцілі рэчывам з групы «Навічок».

Расейскі апазыцыянэр лічыць, што за замахам на яго стаіць асабіста прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. У Крамлі ўсе абвінавачаньні абвяргаюць. Прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў казаў, што ў Навальнага назіраюцца прыкметы маніі перасьледу і маніі велічы. ФСБ назвала расьсьледаваньне апазыцыянэра і журналістаў «правакацыяй» і «падробкай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG