Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі затрымалі трох чалавек, якія нібыта атрымалі асабістыя дадзеныя меркаваных атрутнікаў Навальнага з ФСБ


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

У Маскве затрымалі Пятра Каткова, Аляксандра Зелянцова і Ігара Зайцава. Сілавікі сьцьвярджаюць, што яны нібыта за грошы шукалі асабістыя дадзеныя прыватных асобаў, а знойдзеныя імі зьвесткі потым выкарыстоўваліся ў адным з расьсьледаваньняў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага

Пра гэта паведамляе агенцтва ТАСС са спасылкай на свае крыніцы.

Затрыманыя нібыта шукалі ў даркнэце «кліентаў», якім патрэбныя былі тэлефоны, адрасы або асабістыя дадзеныя чалавека, але яны «не ведалі, што адным зь іх кліентаў зьяўляецца Навальны».

Тэлеграм-канал Baza удакладняе, што пакуль «Зелянцоў шукаў кліентаў у даркнэце», Каткоў і Зайцаў займаліся падробкай пасьведчаньняў супрацоўнікаў паліцыі і пастановаў суду, пасьля чаго з «дапамогай гэтых дакумэнтаў атрымалі білінг апэратыўнікаў ФСБ, якія лёталі з Навальным».

«Калі паступала замова, Зайцаў разам з фальшывымі докамі хадзіў па салёнах сувязі і атрымліваў патрэбныя білінгі. Усё б нічога, але аднойчы тройка, сама таго не разумеючы, узялася за вельмі небясьпечнае заданьне. Яно тычылася супрацоўнікаў ФСБ, якія лёталі разам з Навальным па Расеі», — піша Baza.

Усім траім прад’яўленыя абвінавачаньні паводле артыкулаў 327 КК РФ («Падробка, выраб або абарот падробленых дакумэнтаў») і 138 КК РФ («Парушэньне таямніцы перапіскі або тэлефонных перагавораў»). Яны адпраўленыя пад хатні арышт.

Сьледзтва, як сьцьвярджаецца, таксама правярае прыватнае дэтэктыўнае агенцтва, якое ў 2020 годзе адкрылі Зелянцоў і Каткоў. «Цяпер сьледзтва правярае, ці выкарыстоўваліся магчымасьці гэтай арганізацыі для атрыманьня зьвестак, якія потым выкарыстоўваў Навальны», — сказала крыніца выданьня.

20 жніўня 2020 году самалёт, на якім Аляксей Навальны ляцеў з Томску ў Маскву, экстрана прызямліўся ў Омску. Яму стала дрэнна на борце. У таксыкалягічнай рэанімацыі гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай дапамогі яго ўвялі ў штучную каму. Пазьней лябараторыя бундэсвэра, а незалежна ад яе экспэрты з Францыі і Швэцыі, вызначаць, што Навальнага атруцілі «Навічком» — нэрвова-паралітычным рэчывам. А сам ён, калі прыйшоў у прытомнасць і прайшоў рэабілітацыю, сумесна з журналістамі з Bellingcat, The Insider і CNN правёў расьсьледаваньне, якое паказала дачыненьне да атручваньня апэратыўнікаў Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі.

Расьсьледавальнікі паказалі, што перш чым атруціць Навальнага, меркаваныя супрацоўнікі ФСБ негалосна назіралі за ім, едучы ў тыя ж гарады, што і ён. Пачынаючы з 2017 года, калі Навальны абвясьціў аб сваёй прэзыдэнцкай кампаніі, яны зрабілі 30 пералётаў, якія супадалі з маршрутамі апазыцыянэра. Свае высновы расьсьледавальнікі засноўвалі на зьвестках аб пералётах і мабільнай сувязі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG