Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭСПЧ часова забараніў Расеі выдаваць Дзьмітрыя Падлобнікава Беларусі. Ён застаецца ў расейскім СІЗА


ілюстрацыйнае фота
ілюстрацыйнае фота

Эўрапейскі суд у правах чалавека да 31 студзеня 2022 году забараніў Расеі выдаваць на радзіму беларуса Дзьмітрыя Падлобнікава.

Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік прававых праграм Маскоўскай Хэльсынскай групы Раман Кісялёў.

«Мы атрымалі 39 правіла Эўрапейскага суда аб часовых мерах — суд забараніў выдачу да 31 студзеня! Спрабуем да ўсіх дастукацца, каб улады былі ў курсе, і яго ня вывезьлі да гэтай даты», — напісаў праваабаронца.

Паводле Кісялёва, Дзьмітры Падлобнікаў па-ранейшаму знаходзіцца ў Расеі, у СІЗА-4. У Беларусі яго падазраюць у «групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ, максымальнае пакараньне — да 4 гадоў пазбаўленьня волі) і «гвалце альбо пагрозе гвалтам у дачыненьні да міліцыянта» (артыкул 364 КК РБ, да 7 гадоў пазбаўленьня волі).

28 сьнежня адвакатка Марыя Красава распавяла «Медыязоне», што Падлобнікава вывезьлі з СІЗА і выказала меркаваньне, што яго могуць экстрадаваць у Беларусь.

25-гадовы Дзьмітры Падлобнікаў выходзіў на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў у Жлобіне. Яго затрымалі 9 жніўня 2020 году, пратрымалі тры дні ў Петрыкаўскім РАУС і адпусьцілі на волю. Пазьней ён выехаў на працу ў Расею, аднак у траўні 2021 году быў затрыманы там на запыт рэжыму Лукашэнкі. Дзьмітры чакаў пастановы аб экстрадыцыі ў СІЗА Каломны, нядаўна яго перавезьлі ў адзін з маскоўскіх СІЗА.

Ад жніўня 2020 году ў Расеі арыштавалі прынамсі два дзясяткі беларусаў у справах, зьвязаных з пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі. Некаторых ужо выслалі на радзіму, іншых чакае экстрадыцыя ці дэпартацыя. Масква рэдка адмаўляе Менску і дазваляе затрыманьні на сваёй тэрыторыі беларускім сілавікам. Журналісты выявілі экстрадыцыйныя справы, пра якія ня ведаюць нават праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG