Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаванага ў Расеі беларуса вывезьлі зь СІЗА. Адвакатка мяркуе, што павезьлі ў Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Грамадзяніна Беларусі Дзьмітрыя Падлобнікава, якога абвінавачваюць у прычыненьні маральнай шкоды супрацоўніку міліцыі на мітынгу, вывезьлі зь СІЗА ў Расеі.

Пра гэта паведаміла расейскаму тэлеканалу «Дождь» адвакатка Падлобнікава Марыя Красава.

Яна мяркуе, што яго павезьлі ў Беларусь. Паводле яе, экстрадыцыя праводзіцца з парушэньнямі.

«Няма сумневаў, што дома Дзьмітрыю пагражаюць катаваньні, і што яго не чакае справядлівага судовага разбору», ― адзначыла Красава.

Расейския праваабаронцы заклікалі пракуратуру і ўрад РФ тэрмінова прыпыніць выдачу Дзьмітрыя Падлобнікава Беларусі і даць яму магчымасьць абскардзіць рашэньне аб выдачы ў парадку, вызначаным заканадаўствам Расеі.

25-гадовы Дзьмітры Падлобнікаў выходзіў на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў у Жлобіне. Яго затрымалі 9 жніўня 2020 году, пратрымалі тры дні ў Петрыкаўскім РАУС і адпусьцілі на волю. Пазьней ён выехаў на працу ў Расею, аднак у траўні 2021 году быў затрыманы там на запыт рэжыму Лукашэнкі. Дзьмітры чакаў пастановы аб экстрадыцыі ў СІЗА Каломны, нядаўна яго перавезьлі ў адзін з маскоўскіх СІЗА.

Паводле расейскіх праваабаронцаў, Падлобнікава перасьледуюць за ўдзел у мірным мітынгу, у віну яму ставяць «прычыненьне маральнай шкоды супрацоўніку міліцыі групай асобаў», а доказам служыць раздрукоўка праслухоўваньня тэлефонных размоваў яго знаёмых.

Ад жніўня 2020 году ў Расеі арыштавалі прынамсі два дзясяткі беларусаў у справах, зьвязаных з пратэстамі супраць рэжыму Лукашэнкі. Некаторых ужо выслалі на радзіму, іншых чакае экстрадыцыя ці дэпартацыя. Масква рэдка адмаўляе Менску і дазваляе затрыманьні на сваёй тэрыторыі беларускім сілавікам. Журналісты выявілі экстрадыцыйныя справы, пра якія ня ведаюць нават праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG