Як піша InfoBank.by, сёлета тэмпы падзеньня колькасьці занятых у эканоміцы — самыя высокія за апошнія 5 гадоў. За 11 месяцаў — кадравае скарачэньне амаль на 55 тысяч чалавек.
А за 10 гадоў (ад лістапада 2011-га да лістапада 2021-га) працоўных у Беларусі стала менш на 425 тысяч чалавек. Гэта мінус умоўны абласны цэнтар.
Як адзначае дзелавы рэсурс, моцнае падзеньне назіралася ў 2014-2016 гадах, што было абумоўлена ня столькі дэмаграфічнымі зьменамі, колькі фінансава-эканамічным крызісам з дэвальвацыямі і падзеньнем ВУП: людзі ў такіх выпадках шукаюць працу за мяжой.
У наступныя два гады сытуацыя палепшылася, скарачэньне колькасьці занятых замарудзілася. Але 2020-ы зноў паскорыў гэты працэс: ковід-пандэмія і эканамічны крызіс прывёў да дэвальвацыі і падзеньня заробкаў у даляравым эквіваленце.
Сёлета скарачэньне пайшло яшчэ хутчэй: працоўная эміграцыя чамусьці павялічылася, не гледзячы на адносна добрыя вынікі ў эканоміцы.
Акрамя таго, паступае інфармацыя аб масавых звальненьнях «нядобранадзейных» на дзяржаўных прадпрыемствах. Што можа быць яшчэ адной прычынай рэзкага падзеньня колькасьці занятых у эканоміцы да гістарычнага мінімуму.