Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу выставілі абвінавачаньне


Журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч пасьля 10 дзён зьняволеньня, ліпень 2021 г.
Журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч пасьля 10 дзён зьняволеньня, ліпень 2021 г.

28 сьнежня ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага прайшоў першы допыт журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча.

Cьледчыя выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 Крымінальгага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Алегу ставяць у віну, што ён нібыта браў удзел у несанкцыянаванай акцыі, калі яго ўжо пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі як карэспандэнта замежнага СМІ.

Алег сказаў на гэта сьледчаму, што віны за сабой не прызнае, што ён не прымаў удзелу ў акцыі, а быў на ёй журналістам, вёў адтуль рэпартаж, рабіў сваю журналісцкую справу, хоць ня меў ужо акрэдытацыі, але на той момант быў няштатным супрацоўнікам газэты «Народная воля».

Жонка Алега Грузьдзіловіча Марʼяна сёньня ж змагла перадаць яму перадачу перш за ўсё цёплыя рэчы, а таксама ежу. Усё прынялі, апрача мёду і альбому для маляваньня, паведаміла яна Свабодзе.

Са словаў адвакаткі, выглядае Алег нармальна, папрасіў толькі цёплыя рэчы. Дадаткова апрануцца яму дапамаглі сукамэрнікі, далі дадатковыя штаны, а замест шаліка ён наматаў на шыю ручнік, бо ў менскім СІЗА цяпер холадна.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску. За час пасьля першага арышту Алега ў ліпені 2021 году ніякіх допытаў у яго не было. І толькі 28 сьнежня адбыўся першы.

Алега Грузьдзіловіча трымаюць у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Першы раз Грузьдзіловіча затрымалі 16 ліпеня. У рэдакцыі Свабоды тады правялі ператрус, офіс апячаталі. Празь дзесяць дзён іх выпусьцілі.

Грузьдзіловіч тады адмовіўся даваць паказаньні. Пры вызваленьні даў падпіску аб яўцы. Падчас першага арышту тры дні Алег галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрыманьня і салідарнасьці з Інэсай Студзінскай, якая галадала 9 дзён з патрабаваньнем дапусьціць да яе адваката.

За кратамі ўжо месяц знаходзіцца фрылансэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на яго таксама завялі крымінальную справу. Журналіст і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ужо паўтара года ў зьняволеньні. Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

23 сьнежня стала вядома, што сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG