Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Польшчы: Польскае войска — трэцяе паводле колькасьці ў NATO


Парад у Дзень Войска Польскага, Варшава, 15 жніўня 2024 году.
Парад у Дзень Войска Польскага, Варшава, 15 жніўня 2024 году.

«За час нашага кіраваньня колькасьць польскага войска перавысіла 200 тысяч чалавек», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі віцэ-прэм’ер і міністар нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Пра гэта піша газэта Rzeczpospolita.

Міністар заявіў, што выдаткі Польшчы на абарону цяпер рэкордна высокія. Ён нагадаў, што ў 2023 годзе, апошнім годзе ўраду «Права і справядлівасьці», выдаткі на абарону складалі 137,1 млрд злотых (прыкладна 35 млрд даляраў), у той час як у 2024 годзе яны павялічыліся да 158,8 млрд злотых (40 млрд даляраў), а ў 2025 годзе вырастуць да 186,6 млрд злотых (47 млрд даляраў). Віцэ-прэм’ер падкрэсьліў, што гэта выдаткі як зь бюджэту, так і з Фонду забесьпячэньня Узброеных сілаў.

Касіняк-Камыш заявіў, што 2024-ы — год рэкордных выдаткаў на армію: 4,2% ВУП (ніводная краіна NATO не дасягнула такога ўзроўню выдаткаў на абарону). Чакаецца, што ў 2025 годзе вайсковыя выдаткі складуць 4,7% ВУП.

«Агульныя выдаткі на ўзбраеньне — гэта своеасаблівы страхавы поліс, — адзначыў міністар. — Бюджэтная сытуацыя напружаная, але ўрад цалкам усьведамляе, што выдаткі на абарону і бясьпеку ёсьць абсалютным прыярытэтам».

Паводле яго, польская армія цяпер трэцяя паводле велічыні ў NATO, «Мы ўжо абагналі Францыю», — адзначыў Касіняк-Камыш. Цяпер польскае войска складае прыкладна 205 тысяч чалавек, а да канца году чакаецца, што яно дасягне 207,5 тысяч. Большыя войскі ў NATO маюць толькі ЗША і Турэччына.

У праекце бюджэту Беларусі на 2025 год выдаткі на нацыянальную абарону заплянаваныя у памеры 4,73 млрд рублёў (1.44 млрд даляраў).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG