Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 30 гадоў у незалежнай журналістыцы, аўтар кнігі пра выбух у мэтро. 5 фактаў пра затрыманага Алега Грузьдзіловіча


Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

23 сьнежня сілавікі затрымалі ў Менску журналіста-фрылансэра Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча.

Алега Грузьдзіловіча затрымлівалі ў ягонай кватэры ў Менску людзі ў масках. Як паведаміў жонцы сьледчы, Грузьдзіловіча перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску, ён праходзіць па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, і мера стрыманьня яму зьмененая на арышт. За час пасьля папярэдняга арышту ніводнага допыту Алега Грузьдзіловіча не было.

  • Алег Грузьдзіловіч — падазраваны ў крымінальнай справе «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Па гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне да чатырох гадоў калёніі.

Сабралі 5 фактаў пра Алега Грузьдзіловіча.

Быў загадчыкам аддзелу ў самым папулярным выданьні Беларусі

Алег Грузьдзіловіч быў загадчыкам аддзелу і адказным сакратаром у газэце «Знамя юности» ў часы «перабудовы», калі выданьне мела найбольшы наклад у Беларусі — 800 тысяч — і было папулярным. Быў адным са стваральнікаў інфармацыйнай агенцыі «РИД» («Реклама и дайджест»). У пачатку 1990-х ягоныя матэрыялы публікаваліся ў легендарнай незалежнай газэце «Свабода».

Звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай
газэты» пасьля таго, як быў зьняты ягоны рэпартаж аб пабіцьці ў парлямэнце дэпутатаў

У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукаваньні з маскоўскай прэсы рэакцыйнага артыкулу «Не могу поступиться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты» пасьля таго, як быў зьняты ягоны рэпартаж аб пабіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, што пратэставалі супраць рэфэрэндуму аб мове і дзяржаўнай сымболіцы.

Напісаў кнігу пра выбух у менскім мэтро

На Радыё Свабода асьвятляў праваабарончую тэматыку, быў судовым карэспандэнтам. Рабіў рэпартажы з судовага працэсу над Кавалёвым і Канавалавым, абвінавачаных у арганізацыі тэракту ў менскім мэтро 1 красавіка 2011 году. Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?», якая выйшла ў 2013 годзе ў «Бібліятэцы Свабоды — XXI стагодзьдзе». Спампаваць кнігу можна ТУТ.

Алег Грузьдзіловіч з кнігай пра выбух у менскім мэтро. 2013 год
Алег Грузьдзіловіч з кнігай пра выбух у менскім мэтро. 2013 год

Цяжка хварэў на каранавірус пасьля турмы на Акрэсьціна

Летам 2020 году вёў стрымы Радыё Свабода, якія набіралі сотні тысяч праглядаў. У жніўні 2020 году пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасьцю журналістаў замежных СМІ. У лістападзе затрыманы на акцыі пратэсту, якую асьвятляў як журналіст, і пакараны арыштам на 15 содняў. Падчас адбыцьця арышту ў Баранавічах цяжка захварэў на каранавірус.

У ліпені 2021 году разам журналістамі Інай Студзінскай і Алесем Дашчынскім быў затрыманы і правёў 10 дзён у турме на Акрэсьціна, дзе трымаў трохдзённую галадоўку. У дзень затрыманьня ў яго дома прайшоў ператрус, тады ж узламаны і разгромлены офіс Радыё Свабода ў Менску.

Выгадаваў трох сыноў

Алегу Грузьдзіловічу 63 гады. Жонка Мар’яна, выкладчыца ангельскай мовы, была ўвосень 2020 году звольненая з БДУ з палітычных матываў. Алег і Мар’яна выгадавалі трох сыноў, маюць унучак.

За кратамі ўжо амаль месяц знаходзіцца фрылянсэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на яго завялі крымінальную справу. Журналіст і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ўжо паўтара года ў зьняволеньні. Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

23 сьнежня стала вядома, што беларускія сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Перасьлед журналістаў Свабоды

25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.

14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.

Палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча асудзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3. Гомель, 14 сьнежня.

Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.

Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.

25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG