Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Каляды авіякампаніі па ўсім сьвеце адмянілі тысячы рэйсаў з прычыны пашырэньня «Омікрону»


Самалёт кампаніі United Airlines
Самалёт кампаніі United Airlines

25 сьнежня адмянілі 2856 рэйсаў, адклалі — 9000. 26 сьнежня больш за 2000 рэйсаў скасавалі і 4500 рэйсаў — адклалі.

У прыватнасьці, адмена або перанос рэйсаў былі выкліканыя распаўсюдам новага штаму каранавірусу «Омікрон», у выніку якога пілёты, чальцы экіпажаў і іншыя супрацоўнікі апынуліся на карантыне.

Паводле зьвестак сайта сачэньня за рэйсамі FlightAware.com, 25 сьнежня ва ўсім сьвеце было адменена 2856 рэйсаў, адкладзена больш за 9000 рэйсаў, 26 сьнежня больш за 2000 рэйсаў было скасавана і больш за 4500 рэйсаў — адкладзена.

Значная колькасьць рэйсаў была адмененая або адкладзеная ў ЗША.

У калядныя дні, калі многія наведваюць сваякоў, сяброў або ў адпачынак, занадта многія авіярэйсы рэйсы нечакана былі адмененыя, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Рэзкі рост колькасьці выпадкаў захворваньня варыянтам „Амікрон“ па ўсёй краіне на гэтым тыдні аказаў прамы ўплыў на нашыя лётныя экіпажы і на людзей, якія кіруюць нашай бягучай дзейнасьцю. У выніку нам, на жаль, прыйшлося адмяніць некаторыя рэйсы і загадзя апавясьціць кліентаў, да іх прыезду ў аэрапорт», — сказалі ў кампаніі United Airlines.

Кампанія United адмяніла 201 рэйс (10%) напярэдадні Калядаў і больш за кожны шосты рэйс быў затрыманы. У самое сьвята было адменена ўжо 12% рэйсаў.

Іншая буйная авіякампанія ЗША Delta Airlines заявіла, што «паколькі зімовае надвор’е ўплывае на паўночны захад і паўночны ўсход ЗША, колькасьць інфіцыраваных штамам „амікрон“ працягвае расьці, каманда Delta вычарпала ўсе магчымасьці і рэсурсы, перш чым адмяніць каля 158 рэйсаў у раскладзе з амаль 3100 рэйсаў у пятніцу. Як у суботу, так і ў нядзелю чакаецца больш за 150 адмен у дзень».

На наступны дзень сытуацыя пагоршылася, і ў дзень Калядаў кампаніі Delta прыйшлося адмяніць ужо 310 рэйсаў (15%).

Авіякампаніі працягваюць адмяняць сотні вылетаў, у асноўным з-за кадравых праблем, зьвязаных з COVID-19, падкрэсьлівае агенцтва AP. Аб гэтым напярэдадні заяўлялі і Delta, і United і JetBlue. Прычым незразумела, калі сытуацыя прыйдзе ў норму: «Гэта было нечакана», — сказала агенцтву AP прадстаўнік United Мэдзі Кінг (Maddie King). Прадстаўнік American Airlines Дэрэк Уолс сказаў, што адмены былі выкліканыя «адмовамі па хваробе, зьвязанымі з COVID».

За 2020 год, калі з-за эпідэміі абʼём перавозак упаў, многія авіякампаніі скарацілі або заўчасна адправілі на пэнсію значную колькасьць пілётаў і спынілі набор новых. У той жа час падрыхтоўка новага лінейнага пілёта, нават з кандыдата, які ўжо валодае неабходным мінімумам ведаў, займае ў авіякампаній не менш за 3 — 5 месяцаў, таму сытуацыя мае пэўную інэрцыю.

Каб аблегчыць недахоп пэрсаналу, некаторыя краіны, уключаючы Іспанію і Вялікабрытанію, скарацілі працягласьць каранціну па COVID-19, дазволіўшы супрацоўнікам вярнуцца на працу раней пасьля станоўчага тэсту на вірус або хваробы. Генэральны дырэктар Delta Эд Бастыян (Ed Bastian) быў сярод тых, хто заклікаў адміністрацыю Джо Байдэна зрабіць аналягічныя крокі.

Па дадзеных амэрыканскага Ўпраўленьня бясьпекі на транспарце (TSA), 24 сьнежня праз пункты надгляду ў аэрапортах ЗША прайшоў 1709601 пасажыр — гэта рост на 277% у параўнаньні з мінулым Калядамі. Але адначасова гэтая лічба ніжэйшая на 33%, чым у 2019 годзе — да ўвядзеньня кавідных абмежаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG