У сувязі з імклівым распаўсюдам штаму «Омікрон» бэльгійскія ўлады ўвялі новыя санітарныя абмежаваньні, у тым ліку на традыцыйныя калядныя кірмашы, піша The Brussels Times.
Новыя захады закліканыя да запаволеньня пашырэньня каранавірусу і яго штаму «Омікрон». Іх абвясьціў прэм’ер-міністар Бэльгіі Аляксандар Дэ Кро. Зь нядзелі, 26 сьнежня, будуць забароненыя ўсе масавыя падзеі ў памяшканьнях (акрамя збораў у межах аднаго дома). Гэта датычыцца ўстаноў, дзе ёсьць месцы — кінатэатры, тэатры, канцэртныя залі і іншыя.
У той жа час бібліятэкі, музэі, спартовыя пляцоўкі і адкрытыя басэйны будуць працаваць з захаваньнем захадаў засьцярогі. Усе спартовыя спаборніцтвы пройдуць без гледачоў.
Вулічная дзейнасьць з намётамі і павільёнамі адмяняецца. Гэта тычыцца і традыцыйных калядных кірмашоў, і так званых «зімовых вёсак». Крамы павінны абслугоўваць пакупнікоў з разьліку 10 кв. м вольнай плошчы на чалавека.
Патрабаваньні да дыстанцыйнай працы застаюцца нязьменнымі — чатыры дні на тыдзень работнікі павінны працаваць дома, за выключэньнем вытворчасьцяў, якія патрабуюць асабістай прысутнасьці.