«Беларускай радзе культуры» стала вядома, што пасьля публікацыі артыкула Андрэя Мукавозчыка ў «СБ. Беларусь сегодня» (праўдападобна, ідзецца пра гэты артыкул. — РС) і прааналізаваўшы старонкі супрацоўнікаў у сацыяльных сетках, кіраўніцтва Музэю гісторыі беларускай літаратуры (а менавіта яго філіяй ёсьць музэй Максіма Багдановіча) вырашыла, што экскурсаводы, якія сталі ў выніку кандыдатамі на звальненьне, — «ідэалягічна няправільныя людзі».
«Не ўяўляю, як будзе музэй працаваць, бо ў нас усяго адзін выходны для наведнікаў — панядзелак. Застаюцца два чалавекі ў фондах і загадчык, два наглядчыкі і касір-адміністратар. А наведнікі ўжо запісваюцца на студзень», — кажа @by_culture адна з экскурсаводак, якую звальняюць.
Гэта ня першы выпадак звальненьня супрацоўнікаў музэяў за палітычныя погляды пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году:
- У сакавіку 2021 году ў Наваградку звольнілі супрацоўніцу музэю Галіну Кавальчук — за грамадзянскую пазыцыю і правядзеньне ў нядзелі экскурсіяў для жыхароў Наваградку, сярод якіх былі людзі, пакараныя судом за «ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях».
- У студзені 2021 году пасьля 10 гадоў працы не падоўжылі кантракт з дырэктарам Музэю гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым, які падтрымаў пратэсты.
- У жніўні 2020 году ў Магілёве звольнілі намесьніка дырэктара музэю Аляксандра Балберава, які публічна выказаўся супраць гвалту сілавікоў і накіраваў начальніку ўпраўленьня культуры аблвыканкаму зварот аб стаўленьні да сытуацыі ў краіне. Паводле яго, афіцыйная фармулёўка спыненьня працоўных адносінаў — «са згоды бакоў», але неафіцыйна яго абвінавацілі ў тым, што ён, перасьледуючы палітычныя мэты, падбухторваў калектыў да страйку і настройваў супраць дырэктара.
- У ліпені 2020 году малодшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музэю Мікіту Моніча звольнілі за верш, прысьвечаны Лукашэнку.