Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеру Эдуарду Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калёніі


Эдуард Пальчыс. Архіўнае фота.
Эдуард Пальчыс. Архіўнае фота.

Прысуд вядомаму блогеру і грамадзкаму дзеячу абвясьцілі ў Менску.

Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Пятро Арлоў вынес вырак блогеру Эдуарду Пальчысу. Яму прысудзілі 13 гадоў калёніі паведамляе Вясна. Суд пачаўся 6 снежня і быў закрытым. На пачатку працэсу палітвязень адмовіўся ўставаць, заявіў адвод судзьдзі Пятру Арлову і папрасіў самога яго, Пальчыса, выдаліць з залі.

Палітвязьня вінавацілі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 130 (наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя групай асобаў, якія прывялі да іншых цяжкіх наступстваў);
  • арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).

Хто такі Эдуард Пальчыс?

Эдуард Пальчыс — грамадзкі актывіст, які паходзіць зь Ліды, палітычны блогер, аўтар тэлеграм-каналу Palchys, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». У час знаходжаньня за кратамі ў Эдуарда нарадзілася дачка, ягоная жонка з нованароджаным дзіцём вымушана зьехала за мяжу.

У 2015 годзе Пальчыс ужо праходзіў па крымінальнай справе. Пад псэўданімам Джон Сільвер ён публікаваў на сваім сайце 1863х гістарычныя матэрыялы і артыкулы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў. У выніку яго арыштавалі ў Расеі і ў траўні 2016-га экстрадавалі ў Беларусь, дзе яму закідалі распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці, а таксама распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў.

У канцы кастрычніка таго ж году Менскі гарадзкі суд прызнаў блогера вінаватым і прысудзіў яму 1 год і 9 месяцаў без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу. З улікам часу, адбытага ў СІЗА, яму заставалася правесьці пад падпіскай месяц. У 2020 годзе блогер, які не пакінуў сваёй дзейнасьці, зноў апынуўся за кратамі.

Эдуарду Пальчысу 31 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG