У фільме Пуцін вельмі нэгатыўна адазваўся аб распадзе Савецкага Саюзу і 1990-х гадах. Распад СССР ён назваў трагедыяй і «распадам гістарычнай Расеі», які прывёў да страты таго, «што напрацоўвалася на працягу тысячы гадоў». У 90-я гады, паводле Пуціна, у Расеі «па сутнасьці ішла грамадзянская вайна», а ў Эўропе нібыта тады не сумняваліся, што Расея распадзецца.
Пуцін таксама разьвіў сваю раней выказаную думку аб тым, што дарадцам пры ўрадзе Расеі ў 1990-я працаваў нейкі супрацоўнік ЦРУ. Паводле Пуціна, «прадстаўнікі амэрыканскіх спэцслужбаў у 1990-я „лезьлі ўсюды“», а на прадпрыемствах ядзернага комплексу прысутнічалі амэрыканскія адмыслоўцы. Якіх-небудзь канкрэтных імёнаў ён не назваў.
Прэзыдэнт Расеі таксама заявіў, што ў 1990-я гады падзарабляў прыватным возьніцтвам — гэта значыць працаваў таксістам без ліцэнзіі. «Часам даводзілася падзарабляць і возьніцтвам. Непрыемна пра гэта гаварыць, але, на жаль, і гэта таксама было», — сказаў Пуцін.
У 2018 годзе Пуцін гаварыў аб тым, што быў гатовы ў 1990-я гады працаваць таксоўшчыкам. Паводле яго, такія думкі прыйшлі да яго пасьля таго, як мэр Санкт-Пецярбургу Анатоль Сабчак, начальнікам штабу якога ён быў, у 1996 годзе прайграў губэрнатарскія выбары. Пры гэтым са слоў Пуціна тады вынікала, што займацца возьніцтвам яму не прыйшлося, бо яго паклікалі на працу ў Маскву. У пачатку 2000-х гадоў Пуцін таксама казаў, што гатовы быў сысьці ў таксісты ў выпадку перамогі ГКЧП у жніўні 1991 году.