Каб зрабіць апэрацыю, трэба было сабраць патрэбную суму для аплаты кошту мэдычнай паслугі — 5820 эўра.
Аксана Марцёшкіна расказала, што знаходзіцца з дачкой у прыватнай клініцы ў Кіеве, Машы ўчора ўжо зрабілі апэрацыю, і цяпер яна ў рэанімацыі.
«Апэрацыя скончылася ўчора каля дзявятай гадзіны вечара. Сёньня яшчэ будуць рабіць кантрольнае абсьледаваньне. Маша ў прытомнасьці, яна гуляе, малюе, есьць. На гэты момант усё добра», — кажа Аксана Марцёшкіна.
Паводле суразмоўцы, ейная дачка ўпала і ўдарылася галавой, атрымала страсеньне мозгу. Лекар накіравала дзяўчынку на МРТ, і пасьля высьветлілася, што ў дзяўчынкі пухліна.
«Дыягназ высьветлілі нечакана, і трэба было тэрмінова рабіць апэрацыю. І тое, што ўдалося так хутка сабраць неабходныя грошы, таксама вялікая нечаканасьць. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі я пераконваюся ў тым, якія ў нас спагадныя людзі», — кажа Аксана.
Мы ўцякалі разам з дачкой
Аксана Марцёшкіна вымушана была ўцякаць зь Беларусі, дзе на яе распачалі крымінальную справу за абразу прэзыдэнта. Жанчыну затрымалі разам з Андрэем Жуляковым уначы з 26 на 27 лютага за разьвешваньне ў Заслаўі ўлётак з карыкатурамі на Лукашэнку. Пасьля затрыманьня яны па трое сутак правялі ў Менскім раённым ІЧУ, потым цягам трох месяцаў знаходзіліся пад хатнім арыштам.
16 чэрвеня Менскі раённы суд прысудзіў Андрэю Жулякову, якога таксама зьвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, адзін год калёніі агульнага рэжыму. Аксана Марцёшкіна не зьявілася на першае судовае паседжаньне. Яе справу прыпынілі, жанчыну абвясьцілі ў вышук. Аксана кажа, што ёй удалося ўцячы зь Беларусі за дзень да суду.
«Ім трэба было ліквідаваць нас з дапамогай крымінальнай справы. Перад судом стала зразумела, што мяккага прысуду нам ня будзе. Я спалохалася, што дачку забяруць у дзіцячы дом. Таму і ўцяклі разам з дачкой», — кажа Аксана.
Жыцьцё ў выгнаньні
Аксана Марцёшкіна ўцякла ва Ўкраіну. Кажа, што апошнім часам жыла з дачкой у гостэле, а пасьля лякарні плянуе паехаць у так званы дом для беларусаў. Статусу ўцекачоў яны яшчэ не атрымалі.
«У мяне пакуль яшчэ нават не прынялі дакумэнтаў. Я тут ужо даволі доўга, пяты месяц, але пакуль у падвешаным стане, — кажа жанчына. — Калі б мы ня зьехалі зь Беларусі, то дачка пайшла б у першую клясу, тут мы пакуль у школу ня ходзім».
Аксана выказвае падзяку валянтэрам і ініцыятывам, якія аказваюць ёй дапамогу, і тым, хто арганізаваў збор сродкаў на апэрацыю для дачкі.
«Я, канечне, перажывала, што даводзіцца ўцякаць з дому, зь Беларусі. Усё было спантанна, літаральна цягам сутак прынялі рашэньне і сабралі рэчы. Яшчэ доўга не маглі прыйсьці ў сябе, бо трапілі ў іншую краіну, трэба было ўлівацца ў новае жыцьцё. А зь дзіцем гэта яшчэ больш складана. Але яшчэ ў Заслаўі, пасьля майго затрыманьня, знаходзіліся людзі, якія гатовыя дапамагчы. Дзякуючы ўсёй сваёй гісторыі я адкрыла для сябе людзей з добрага боку. Раней я ня ведала, што людзі бываюць такімі».