Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея імкнецца перайграць гісторыю. Чатыры высновы да 30-годзьдзя распаду СССР


Менскі мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі напісаў дыптых («Тайная вячэра» і «Шлях да адраджэньня»), прысьвечаны падпісаньню Белавескіх пагадненьняў. 2019 год
Менскі мастак Аляксей Панцюк-Жукоўскі напісаў дыптых («Тайная вячэра» і «Шлях да адраджэньня»), прысьвечаны падпісаньню Белавескіх пагадненьняў. 2019 год

8 сьнежня 1991 году кіраўнікі Расеі, Украіны і Беларусі ў Белавескай пушчы падпісалі заяву, у якой канстатавалі, што СССР «спыняе сваё існаваньне», і абвясьцілі пра ўтварэньне СНД. Палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч падсумоўвае прамінулыя 30 гадоў.

Сьцісла:

  • З пачаткам гарбачоўскай «перабудовы» распад СССР быў прадвырашаны.
  • Распад СССР ня скончыўся, ён працягваецца.
  • Самай галоўнай прыкметай зацягнутага распаду СССР стала вайна Расеі супраць Украіны.
  • Усе постсавецкія дзяржавы, акрамя краін Балтыі, свае мадэрнізацыйныя праекты правалілі.
  • Будаўніцтва беларускай дзяржаўнасьці стала пабочным прадуктам будаўніцтва аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі.

Заключэньне Белавескіх пагадненьняў насельніцтва былога Савецкага Саюзу ўспрыняло амаль абыякава. Мала хто разумеў гістарычнасьць таго, што адбылося. Некалькі палітыкаў сабраліся ў пушчы і прынялі яшчэ адзін дакумэнт. Колькі іх ужо прымалі падчас гарбачоўскай перабудовы! Памянялі назву, замест СССР цяпер краіна будзе называцца Садружнасьць Незалежных Дзяржаў (СНД). Усяго толькі. Цікава, што і самі «пушчысты» да канца не разумелі, што пачынаецца новая эпоха. Лішні раз спраўдзіўся вядомы радок, што вялікае бачыцца на адлегласьці.

Выснова 1: канец СССР быў прадвырашаны

З пачаткам гарбачоўскай «перабудовы» распад СССР быў прадвырашаны. Лёс Савецкага Саюзу аказаўся неаддзельны ад лёсу рэжыму. Немагчыма, зьдзяйсьняючы лібэралізацыю, паслабленьне таталітарнай сыстэмы, адначасова спрабаваць спыніць працэс нацыянальнага і рэгіянальнага сэпаратызму.

Невыпадкова асноўнай ударнай сілай, якая разгайдала, а затым і разламала таталітарны рэжым у СССР, былі нацыянальныя рухі, народныя франты.

Спробы стварыць «дэмакратычны абноўлены СССР», дэмантаваўшы камуністычны рэжым, захаваць Саюз, пацярпелі правал. Занадта жорстка былі змацаваныя імпэрыя і камуністычная сыстэма, каб аддзяліць адну ад аднае. Магчымы быў альбо імпэрскі, таталітарны Савецкі Саюз, або, як вынік дэмакратызацыі, – падзел яго на шэраг самастойных дзяржаў. І ўсе спробы спыніць гэты працэс заканамерна праваліліся.

Не дапамог рэфэрэндум 17 сакавіка 1991 году з хітра пастаўленым пытаньнем, а дзяржаўны пераварот 19 жніўня (ГКЧП) таго ж году толькі прысьпешыў крах СССР.

Дарэчы, распад сацыялістычных Югаславіі і Чэхаславаччыны лішні раз пацьвярджае гэтую заканамернасьць.

Адразу пасьля падзелу СССР на незалежныя дзяржавы шмат пісалі, што дзіва, як такая «геапалітычная катастрофа» завяршылася мірным, цывілізаваным разводам. Вось, напрыклад, распаду Югаславіі спадарожнічала доўгая, крывавая грамадзянская вайна, у якую давялося ўмяшацца сусьветнай супольнасьці, каб нарэшце спыніць яе.

Хоць, строга кажучы, дэмантаж СССР быў не зусім мірны. Можна ўзгадаць армяна-азэрбайджанскую вайну за Нагорны Карабах, грамадзянскія войны ў Таджыкістане, Грузіі, Малдове. Аднак даволі хутка іх удалося замарозіць.

Выснова 2: распад СССР працягваецца, Расея імкнецца перайграць гісторыю

Але цяпер, пасьля 30 год ад той падзеі, становіцца больш зразумела, што распад СССР – ня як юрыдычны акт, а як гістарычны працэс – ня скончыўся, ён працягваецца. У 2008 годзе адбылася вайна паміж Расеяй і Грузіяй. Вось год таму адбылася другая Карабаская вайна паміж Азэрбайджанам і Армэніяй.

Але самай галоўнай прыкметай зацягнутага распаду СССР стала вайна Расеі супраць Украіны, захоп Расеяй Крыму і Данбасу. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што РФ – адзіная постсавецкая краіна, у якой большасьць насельніцтва ацэньвае распад СССР адмоўна. Ва ўсіх іншых постсавецкіх краінах стаўленьне да гэтай падзеі станоўчае. І цяпер кіраўніцтва Расеі імкнецца перайграць гісторыю, як футбольны матч, адкруціць час назад і калі не аднавіць поўнасьцю СССР, то хоць бы ўсталяваць кантроль над прасторай былога Саюзу.

Сёньня гэтая палітыка РФ выліваецца ў стратэгію пэрманэнтнага напружваньня Захаду. Напрыклад, з гэтай мэтай Расея пэрыядычна разьмяшчае свае войскі на мяжы з Украінай. Дарэчы, мігранцкі крызіс, арганізаваны беларускім кіраўніцтвам, добра ўпісваецца ў гэтую стратэгію.

Выснова 3: большасьць постсавецкіх краінаў правалілі мадэрнізацыю

Другі важны момант з нагоды гэтага юбілею. Відавочна, што савецкая сыстэма – тупіковая лінія гістарычнага працэсу. Пасьля краху СССР усе постсавецкія краіны атрымалі шанец выйсьці з тупіку і, скінуўшы савецкія ланцугі, зрабіць рывок у сваім разьвіцьці.

Аднак цяпер, пасьля 30 гадоў самастойнага жыцьця, можна зрабіць выснову, што скарысталіся ў поўнай меры гэтым шанцам толькі краіны Балтыі. Усе астатнія постсавецкія дзяржавы свае мадэрнізацыйныя праекты правалілі. Каб разумець, што я маю на ўвазе, прапаную параўнаць іх з Кітаем. КНР за 30 гадоў зрабіла вялізны скачок у сваім разьвіцьці, ацэнены ўсім сьветам, стала паўнавартаснай звышдзяржавай. У гэтым сэнсе вынікі разьвіцьця постсавецкіх краін, скажам так, ня ўражваюць. Прычым гэта тычыцца як тых краін, якія правялі рынкавыя рэформы, так і тых, дзе дамінуе дзяржаўны сэктар (Беларусь), як тых, дзе ўсталявалася дэмакратыя, так і дзяржаў з аўтарытарнымі рэжымамі. Чаму так атрымалася, пытаньне асобнай дыскусіі.

Выснова 4: беларуская дзяржаўнасьць стала пабочным прадуктам будаўніцтва аўтарытарнага рэжыму

У канцы коратка пра Беларусь. Апошні год асабліва ярка паказаў, што будаўніцтва беларускай дзяржаўнасьці стала пабочным прадуктам будаўніцтва аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Гэты тэзіс вельмі добра ілюструе нядаўняя заява міністра замежных спраў Уладзімера Макея, што пагроза існаваньню дзейнага рэжыму ад заходняга санкцыйнага ціску азначае пагрозу страты незалежнасьці Беларусі. Аказалася, што ўладныя органы – гэта не інстытуты дзяржавы, а структуры, створаныя для абароны рэжыму. Такі вынік 30-гадовага існаваньня.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG