Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША ў Беларусі выказала салідарнасьць са СМІ, якія «помсьлівы рэжым» абвясьціў «экстрэмісцкімі»


«Яшчэ летась у Беларусі iснавалi незалежныя СМІ. Помсьлівы рэжым закляйміў усе гэтыя СМІ як «экстрэмiсцкiя», паколькі іх рэпартажы супярэчылі дзяржаўнай прапагандзе і дэзынфармацыі. Мы верым, што праўда пераможа. #StandWithBelarus #BAJ_by», — гаворыцца ў заяве амбасады ЗША, якую яна распаўсюдзіла ў сацсетках.

  • 3 сьнежня 2021 году суд у Беларусі прызнаў інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода — Беларусь», яе аналягі ў сацыяльных сетках і відэахостынгу YouTube экстрэмісцкімі.
  • «Радыё Свабода катэгарычна адхіляе гэты сьмешны ярлык, — адрэагаваў на гэта прэзыдэнт RFE/RL Джэймі Флай. — Мы імкнёмся і надалей даваць аб’ектыўныя навіны і інфармацыю беларускім людзям, якія цяпер як ніколі маюць патрэбу ў незалежных СМІ. Рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму дае зразумець, што яго ігнараваньне праўды і намаганьні абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі ня маюць межаў».
  • Усяго ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
  • Амаль усе тэлеграм-каналы незалежных грамадзка-палітычных СМІ на сёньня ў Беларусі ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG