Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому палітвязьню Жамчужнаму хацелі ўзмацніць рэжым нагляду, але суд адмовіў


Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны.
Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзелі запыт міліцыі аб зьмяненьні патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду ў дачыненьні да былога палітвязьня Міхаіла Жамчужнага.

Як паведамляе «Наша ніва», супрацоўнікі РАУС хацелі зрабіць рэжым нагляду больш жорсткім, бо, на іх думку, Жамчужны «ня стаў на шлях выпраўленьня» — парушыў на ровары правілы дарожнага руху. Але судзьдзя Сяргей Будрэвіч палічыў патрабаваньні міліцыі неабгрунтаванымі. Сам Міхаіл Жамчужны на паседжаньні не прысутнічаў.

Міхаіл Жамчужны выйшаў на волю 19 лютага 2021 году. У студзені суд Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці ўстанавіў у дачыненьні да Жамчужнага прэвэнтыўны нагляд на два гады. Былы палітвязень цягам гэтага тэрміну абавязаны 2 разы на месяц зьяўляцца для рэгістрацыі ў органы ўнутраных спраў. Яму таксама забараняецца наведваць крамы, кавярні і гандлёвыя палаткі ў мэтах набыцьця алькагольных напояў.

1 сьнежня ў Жамчужнага правялі ператрус

Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны расказаў, што пасьля ператрусу 1 сьнежня яго дапытвалі супрацоўнікі 3-га аддзелу ДФР па Віцебскай вобласьці.

«У асноўным шукалі гаджэты, кампутары, дакумэнты, якія б сьведчылі, што я зьяўляюся „арганізатарам экстрэмісцкіх фармаваньняў“, трымаю сувязь з замежжам, фінансую нейкім чынам. Нумары артыкулаў не запомніў, але паводле зьместу — гэта фінансаваньне і арганізацыя пратэстаў. Называлі прозьвішчы, якіх я ніколі ня чуў, пыталіся, на што жыву, хто дапамагае, хто мяне сустракаў з „зоны“, у якіх чатах знаходжуся. Канечне, разумелі, што зь мяне пасьля 11 гадоў адседкі нічога не даб’есься. Пратаколу я не падпісваў, паказаньняў не даваў, так і разышліся», — паведаміў Міхаіл Жамчужны.

  • Міхаілу Жамчужнаму 66 гадоў. Ён былы дацэнт Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, вынаходнік, першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.
  • Ва ўнівэрсытэце кіраваў лябараторыяй, якая займалася праблемамі прамысловага вырабу вадароду. У 2006 годзе супраць Жамчужнага распачалі крымінальную справу. Адмовіўся ад прапановы супрацоўнічаць з КДБ і даць паказаньні супраць начальства. У 2007 годзе Жамчужнага прыгаварылі да 5 гадоў зьняволеньня за крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі.
  • Пасьля вызваленьня Жамчужны далучыўся да праваабарончай арганізацыі «Плятформа» і зьбіраў інфармацыю пра сытуацыю з правамі вязьняў за кратамі. Пасьля ліквідацыі «Плятформы» стаў сузаснавальнікам «Плятформы інавэйшн» (цяпер закрытая ўстанова). Яго арыштавалі праз тыдзень пасьля абвяшчэньня прысуду кіраўніку «Плятформы інавэйшн» Андрэю Бандарэнку ў 2014 годзе. У 2015 годзе Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у наўмысным выдаваньні зьвестак, што складаюць службовую таямніцу, даваньні хабару, і прыгаварыў да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Пазьней прызначылі стражэйшую кару — шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Доўгі час быў у Беларусі адзіным прызнаным палітычным зьняволеным.
  • Усяго ён правёў за кратамі больш за 11 гадоў. Сёлета 19 лютага вызваліўся пасьля 6 з паловай гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG