Дакумэнт заклікае лідэраў афганскага грамадзтва — знаўцаў рэлігіі і старэйшынаў — зрабіць сур’ёзныя захады дзеля абароны правоў жанчын. Згодна з указам, афганак, у тым ліку ўдоваў, нельга прымушаць да замужжа. Пры гэтым у выпадку паўторнага шлюбу ўдава мае права на атрыманьне пасагу ад свайго новага мужа.
«Жанчына — гэта ня ўласнасьць, а высакародны і свабодны чалавек», — гаворыцца ў дакумэнце.
Міністэрству ў справах хаджу і Міністэрству інфармацыі і культуры даручана прапаведаваць правы жанчын. Вярхоўны суд павінен даць указаньне судам разглядаць пэтыцыі жанчын.
У дакумэнце няма згадак пра шлюбы непаўналетніх, працаўладкаваньне і доступ да адукацыі для жанчын. Гэтыя пытаньні выклікаюць сур’ёзную заклапочанасьць праваабаронцаў.
- Талібы захапілі ўладу ў Афганістане ў жніўні на фоне вываду з краіны амэрыканскіх вайскоўцаў. Неўзабаве пасьля ўсталяваньня кантролю над краінай «Талібан» увёў цьвёрдыя абмежаваньні, большасьць зь якіх закранулі дзяўчат і жанчын. У прыватнасьці, ім сур’ёзна абмежавалі доступ да адукацыі, забаранілі займацца спортам, прымусілі насіць нікаб.
- Журналістак абавязалі надзяваць хіджаб для правядзеньня эфіраў. Акрамя таго, супрацоўніцам СМІ цяпер нельга знаходзіцца ў месцах, дзе шмат людзей, і весьці рэпартажы зь месцаў падзей.
- У пэрыяд свайго папярэдняга кіраваньня ў Афганістане, з 1996 па 2001 год, «Талібан» прытрымліваўся строгай вэрсіі шарыяту. У краіне былі абмежаваныя многія палітычныя правы, асноўныя свабоды, перш за ўсё жорсткія правілы дзейнічалі ў адносінах да жанчын і дзяўчат.
- Цяпер талібы заяўляюць, што будуць захоўваць правы чалавека, але многія афганцы кажуць, што давяраць ісламістам нельга.