Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Усё гэта рана ці позна скончыцца». Калегі арыштаванага журналіста Генадзя Мажэйкі пачалі атрымліваць ад яго лісты

«Усё гэта рана ці позна скончыцца». Калегі арыштаванага журналіста Генадзя Мажэйкі пачалі атрымліваць ад яго лісты


Генадзь Мажэйка
Генадзь Мажэйка

Сувязі з Мажэйкам не было паўтара месяца. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Журналіст выданьня «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзь Мажэйка быў затрыманы, пэўна, 1 кастрычніка. Абставіны яго затрыманьня дагэтуль застаюцца незразумелымі. Афіцыйная вэрсія беларускіх сілавікоў — Мажэйку затрымалі па вяртаньні з Масквы ў Менск.

Паводле неафіцыйнай жа журналіста затрымалі ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева» супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў, пасьля чаго альбо перадалі яго беларускім калегам, альбо пасадзілі на рэйс у Менск, дзе Мажэйку затрымалі мясцовыя сілавікі.

Затрымалі Мажэйку ў межах крымінальнай справы паводле артыкулаў 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, альбо іншай сацыяльнай варожасьці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК. Гэта адбылося пасьля публікацыі на сайце kp.by артыкулу пра менчука Андрэя Зэльцара, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Шукаючы інфармацыю аб Зэльцары, Мажэйка ўзяў кароткі камэнтар у аднаклясьніцы загінулага, якая станоўча пра яго выказалася. Артыкул Мажэйкі правісеў на сайце ўсяго некалькі хвілін. Сайт kp.by быў заблякаваны ў Беларусі ўжо на наступны дзень, 29 верасьня.

За камэнтары ў «справе Зэльцара» у сацсетках і мэсэнджарах у Беларусі затрымалі каля 200 чалавек. Дакладная колькасьць і ўсе імёны затрыманых невядомыя. Усіх іх больш за месяц трымалі безь перадач і права на перапіску. Перадачы і сустрэчы з адвакатамі сталі магчымыя для затрыманых толькі ў другой палове лістапада.

Як паведамілі Свабодзе былыя калегі Генадзя Мажэйкі (расейскія ўласьнікі «Комсомольской правды в Беларуси» прынялі рашэньне закрыць выданьне неўзабаве пасьля арышту журналіста. — РС), умовы ягонага ўтрыманьня не адрозьніваліся ад умоваў, у якіх трымалі камэнтатараў «справы Зэльцара».

Да Генадзя доўгі час не дапускалі адваката, родныя журналіста ня мелі зь ім сувязі. Першыя лісты ад яго калегі пачалі атрымліваць толькі ў канцы лістапада, праз два месяцы пасьля арышту. Журналістка Сьняжана Інанец расказала Свабодзе пра сваё знаёмства з Генадзем Мажэйкам і атрыманы ад яго ліст.

«Гена мой калега, ён шмат пісаў пра транспарт і авіяцыю ў „Камсамолцы“, я некалькі гадоў таму вяла падобныя тэмы на Tut.by, таму чытала нямала ягоных тэкстаў, — гаворыць Сьняжана. — Аднойчы мы былі разам у вялікай выправе — забіралі новы самалёт „Белавія“ проста з заводу ў Бразыліі. Гэта быў, напэўна, 2018 год. Embraer быў у новай „ліўрэі“ з валошкамі. Графік працоўны напружаны, але ў адзін зь дзён мы з калегамі змаглі знайсьці некалькі гадзін, каб зганяць на акіян. Ля вады прабылі, мусіць, ня больш за гадзіну — прайшліся ўсе па пляжы невялікага мястэчка Убатуба. Нагадала Гену пра гэты добры час у лісьце — і ён адказаў! Гаворыць, што Бразылію таксама ўспамінае».

Па словах Сьняжаны, Мажэйка піша, што зь ліставаньнем адразу пасьля арышту ў яго была праблема, але цяпер усё больш-менш наладзілася. Адзін мінус, «ідуць лісты ўсё роўна доўга — пакуль пройдуць усе стадыі». Журналістка расказвае, што свой допіс яму адправіла 5 лістапада, а адказ на яго Генадзь напісаў толькі 17-га. Яшчэ 12 дзён ліст ішоў зь СІЗА да яе.

«Генадзь расказвае, што паўтара месяца быў у інфармацыйнай блякадзе, без інфармацыі з волі, — гаворыць Сьняжана. — Цяпер, зь візытамі адваката і лістамі, стала лепш. Генадзь, як ён кажа, «плюс-мінус у курсе сытуацыі». Дзякуе людзям за падтрымку. Вось вялікая цытата пра гэта: «Вельмі прыемна, што вялізная колькасьць людзей перажываюць, хвалююцца і падтрымліваюць — гэта вельмі важна! Мяркуючы па ўчорашнім нумары „СБ“, не забываюць пра мяне і „з таго боку барыкадаў :))“. Ня ведаю, які менавіта матэрыял ён меў на ўвазе».

Сьняжана Інанец гаворыць, што атрыманы ёй ад Генадзя ліст кароткі, але пазытыўны. На здароўе арыштаваны журналіст ня скардзіцца, перадае прывітанне «ўсім калегам, свабодным і ня вельмі».

Сьняжана цытуе атрыманае ад Генадзя Мажэйкі паведамленьне: «Усё будзе добра, усё гэта рана ці позна скончыцца. І яшчэ куды-небудзь паляцім».

Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста

  • У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
  • Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
  • Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
  • Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
  • 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
  • 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
  • 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG