Сьцісла:
- Самае галоўнае, што абмяжоўвае далейшы шантаж мігрантамі, гэта спыненьне іх прытоку ў Беларусь.
- Беларускія ўлады вырашылі максымальна выкарыстаць тых мігрантаў, якія засталіся ў Беларусі.
- Лукашэнка адмыслова прыехаў у «Брузгі», каб даць наказ мігрантам на ажыцьцяўленьне той мэты, дзеля якой яны тут апынуліся.
Гледзячы па ўсім, пік супрацьстаяньня на беларуска-польскай мяжы застаўся ззаду, але сам міграцыйны крызіс далёкі ад вырашэньня. Нямеччына не прыняла Лукашэнкавых прапановаў даць прытулак 2 тысячам мігрантаў. Адзіным вынікам тэлефонных перамоваў паміж Мэркель і Лукашэнкам стала прыбыцьцё ў Менск чыноўнікаў з Брусэлю для абмеркаваньня тэхнічных аспэктаў транзыту бежанцаў на іх гістарычную радзіму. ЭЗ гатовы выдзеліць на гэта €3,5 млн. Першыя авіярэйсы зь бежанцамі паляцелі зь Менску ў Ірак.
Самае галоўнае, што абмяжоўвае далейшы шантаж мігрантамі, — гэта спыненьне іх прытоку ў Беларусь. У выніку працы ЭЗ з урадамі і авіякампаніямі краін Блізкага Ўсходу мігранцкая плынь на беларускую тэрыторыю пачала ўсыхаць.
У Менску гэта добра зразумелі — і вырашылі гуляць тымі картамі, якія ёсьць на руках. І такімі картамі сталі тыя некалькі тысяч мігрантаў, якія засталіся ў Беларусі і ня хочуць зьяжджаць. На мяжы цяпер каля 2 тысяч курдаў. І, здаецца, беларускія ўлады вырашылі максымальна капіталізаваць гэты здабытак.
26 лістапада Лукашэнка адмыслова прыехаў у транспартна-лягістычны цэнтар каля пункту пропуску «Брузгі», дзе разьмясьцілі мігрантаў, каб даць наказ на ажыцьцяўленьне той мэты, дзеля якой яны тут апынуліся. Ён заявіў: «Хто хоча рухацца ў заходнім кірунку — гэта ваша права... Гэта вашая воля: пройдзеце — ідзіце... Мы будзем з вамі рабіць так, каб выканаць усе вашы пажаданьні...». І прывёў натхняльны прыклад, што кожныя суткі празь мяжу пасьпяхова прарываюцца да 200 чалавек.
Лукашэнка адзначыў, што на падтрымку мігрантаў Беларусь затраціла ^$12,6 млн. І заклікаў іх зьвяртацца да органаў улады па любую дапамогу. Вось бы такая ўвага беларусам, якія зьбяднелі ці трапілі ў складаную жыцьцёвую сытуацыю.
Адначасова ён прыгразіў суседзям, што праблема ўцекачоў «будзе на парадак мацнейшая ня толькі вясной, але і зімой». То бок, калі зараз і ўдасца вырашыць цяперашняе супрацьстаяньне на мяжы, то яно можа аднавіцца ў любы момант. Бо першакрыніца, прычына яго — гэта неўрэгуляванасьць унутранага беларускага палітычнага крызісу. І пакуль ён захоўваецца, Лукашэнка будзе працягваць «ставіць на вушы» ня толькі суседзяў, але і ўсю Эўропу, Блізкі Ўсход, а таксама краіны, якія ажыцьцяўляюць транзыт празь Беларусь.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.