Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцлерам Нямеччыны стане Олаф Шольц. Што вядома пра яго пазыцыю па Беларусі


Олаф Шольц уручае кветкі Ангеле Мэркель
Олаф Шольц уручае кветкі Ангеле Мэркель

Лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны Олаф Шольц зьменіць Ангелу Мэркель на пасадзе фэдэральнага канцлера Нямеччыны. Тры партыі, якія прайшлі ў Бундэстаг, дамовіліся аб стварэньні кіроўнай кааліцыі. Якая пазыцыя новага канцлера адносна Беларусі і ключавых эўрапейскіх праблем?

Прывёў сваю партыю да перамогі

Олаф Шольц, цяперашні віцэ-канцлер і міністар фінансаў, належыць да прагматычнага і рынкавага крыла сацыял-дэмакратаў. Як кандыдат гэтай партыі ў канцлеры ён узьняў яе рэйтынг, дзякуючы чаму яна пераканаўча перамагла на выбарах, апярэдзіўшы хрысьціянскіх дэмакратаў, зь якімі яны цяпер ствараюць урад. У склад новай кааліцыі разам з СДПН увайшлі «Зялёныя» і Свабодная дэмакратычная партыя, перадае агенцтва DPA.

Выбары ў Бундэстаг прайшлі напрыканцы верасьня. Блёк хрысьціянскіх дэмакратаў, да якога належыць дзейны канцлер Ангела Мэркель, страціў 48 месцаў у парлямэнце, сацыял-дэмакраты атрымалі на 53 крэслы больш, чым было ў іх да выбараў.

Паўнамоцтвы Мэркель афіцыйна ўжо спыніліся, аднак яна працягвае выконваць свае абавязкі да таго, як будзе сфармаваны новы ўрад.

Палітычная кар'ера Олафа Шольца

63-гадовы Шольц ужо дзесяцігодзьдзі зьяўляецца вядучым палітыкам, абазнаны ў законах і дынаміцы палітычных працэсаў. Як кіраўнік рэгіянальнага аддзяленьня СДПН у Гамбургу (Freie und Hansestadt Hamburg), ён перамог на рэгіянальных выбарах 20 лютага 2011 году, стаўшы мэрам Гамбургу. Паколькі гэты горад — асобная фэдэральная зямля, гэтая пасада адпавядае пасадзе прэмʼер-міністра ў іншых фэдэральных землях Нямеччыны.

Шольца называюць «надзвычай сьціплым і непатрабавальным». Калі ён выйграў выбары ў Гамбургу абсалютнай большасьцю галасоў, ён сказаў, што хоча «кіраваць як належыць».

Ён пакінуў пасаду мэра Гамбургу 13 сакавіка 2018 году, а на наступны дзень быў прызначаны віцэ-канцлерам і міністрам фінансаў Нямеччыны.

Са сваёй жонкай Брытай Эрнст ён жанаты з 1998 году, яна таксама вопытны палітык СДПН, міністар адукацыі, моладзі і спорту Брандэнбургу. Бязьдзетная пара жыве ў Потсдаме.

Пазыцыя адносна Беларусі

  • Олаф Шольц публічна выказваўся пра Беларусь у сувязі з пратэстамі супраць Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2020 году, заклікаючы да яго адстаўкі і называючы яго «жахлівым дыктатарам». Тады ж віцэ-канцлер выказаўся за тое, што Эўразьвяз павінен заняць «рашучую і ясную» пазыцыю ў беларускім пытаньні.
  • На пасадзе віцэ-канцлера восеньню 2020-га Шольц сустракаўся са Сьвятланай Ціханоўскай. «Сьвятлана Ціханоўская — адважны змагар за дэмакратыю і грамадзянскія правы ў Беларусі. Яна ўносіць важны ўклад у дэмакратычныя пераўтварэньні ў сваёй краіне. Цяжкае становішча пратэстоўцаў засмучае», — напісаў ён у Twitter.

  • Пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у траўні 2021 году Шольц быў сярод тых, хто першым заклікаў Эўразьвяз да больш рашучых санкцый. Ён таксама заклікаў Уладзіміра Пуціна ўступіцца за Рамана Пратасевіча.
  • Выказваючыся 15 лістапада пра сытуацыю зь мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы, Шольц назваў Аляксандра Лукашэнку «дыктатарам», які выкарыстоўвае людзей, даведзеных да роспачы, у «ганебнай гульні», каб аказаць ціск на Эўрапейскі Зьвяз. «І ня трэба нічога хаваць, ён страціў усялякую легітымнасьць», — заявіў Шольц.
  • Нямецкі палітык выказаўся ў падтрымку пашырэньня Радай ЭЗ крытэрыяў санкцый у дачыненьні да Беларусі і выказаў упэўненасьць, што гэтая мера з боку Эўрапейскага Зьвязу — слушны адказ на дзеяньні Беларусі.
  • Олаф Шольц заявіў, што «паводзіны Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі зь мігрантамі на мяжы з Польшчай павінны і будуць мець наступствы», і дадаў: «Тое, што робіць Лукашэнка, гэта безадказна. Гэта дыктатар, які не карыстаецца больш падтрымкай свайго народу, кіруе, ужываючы гвалт, адправіў многіх апазыцыянэраў у турмы».

Пазыцыя па Ўкраіне і Расеі

  • Яшчэ ў перадвыбарных тэледэбатах Шольц неаднаразова адказваў на пытаньні аб бясьпецы Ўкраіны і крытыкаваў кіраўніцтва Расеі за акупацыю Крыму і агрэсію на ўсходзе Ўкраіны і ў Азоўскім моры.
  • Ён крытыкаваў Крэмль за ціск на грамадзянскую супольнасьць, а таксама выказваўся пра атручэньне Навальнага: «Шакуе тое, што змагара за дэмакратыю зьбіраліся прымусіць замаўчаць».
  • Адносна Паўночнага патоку — 2 ён, з аднаго боку, выступае за завяршэньне будаўніцтва газаправоду, з другога — адстойвае гарантыі бясьпекі Ўкраіны.
  • Олаф Шольц перакананы, што Нямеччыне патрэбная «новая ўсходняя палітыка». Ён таксама заклікаў Расею і іншыя краіны прыняць далейшую эўрапейскую інтэграцыю. «Мы ня хочам вяртацца да палітыкі 17, 18 і 19 стагодзьдзяў, калі палітыку адна з адной рабілі вялікія дзяржавы — Расея, Нямеччына, Францыя, Англія. Замест гэтага, калі мы хочам гарантаваць агульную бясьпеку ў Эўропе, гэта, безумоўна, тычыцца Эўразьвязу і Расеі», — заявіў Олаф Шольц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG