Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Гарбунова выходзіць з галадоўкі, якую трымала з 9 лістапада; ад Васілевіча не прыходзяць лісты

абноўлена

Затрыманьне Вольгі Гарбуновай на жаночым маршы, 19 жніўня 2020
Затрыманьне Вольгі Гарбуновай на жаночым маршы, 19 жніўня 2020

Палітзьняволеная Вольга Гарбунова пачала выходзіць з галадоўкі, паведаміла ў фэйсбуку Вольга Ланеўская.

«Зьявіўся матрац і магчымасьць спаць уначы. Удалося перадаць лекі, перадачу і адправіць пасылку. Воля ўсім дзякуе за падтрымку і перадае прывітаньне», — напісала Ланеўская.

Вольгу Гарбунову затрымалі 9 лістапада праз падазрэньне ў арганізацыі жаночых маршаў у 2020 годзе. У той жа дзень яна абвясьціла галадоўку.

Вольга Гарбунова — актывістка, былая кіраўніца арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам, пацярпелым ад хатняга гвалту.

Жонка Аляксандра Васілевіча паўмесяца не атрымлівае ад яго лістоў

«Нават і ня ведаю, ці часовая гэта зьява, але нейкага асаблівага стаўленьня да мужа з боку адміністрацыі СІЗА не было. Зрэшты, ужо здаралася, калі ледзь ня два тыдні няма ніводнага ліста, а потым прыходзяць адразу дзесяць. Я чамусьці думаю, што гэта зьвязана са здароўем цэнзараў: калі хварэюць, то няма каму чытаць», — апавяла Надзея Зелянкова, жонка бізнэсоўцы Аляксандра Васілевіча, «Народнай Волі».

Яна таксама сказала, што апошнім часам у яго зьявіўся кашаль і балела горла. Летась у сьнежні Васілевіч перахварэў на COVID-19, а ўлетку зрабіў прышчэпку «Спутником».

У некаторыя дні ён адціскаецца па 700-900 разоў. Яны з суседам па камэры распрацавалі плян трэніровак.

15 лістапада Аляксандар Васілевіч стаў адным зь ляўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча за казкі «Папа и пингвин», напісаныя ў СІЗА.

«Гэта, безумоўна, прыемная навіна для ўсіх нас, бо радуе любая дадатковая ўвага. Асабліва ўвага, да якой ты не прызвычаіўся. Калі б Саша атрымаў нейкую ўзнагароду, скажам, за дзейнасьць у рэклямнай галіне, то гэта, мне здаецца, ня стала б падзеяй. А тут было дастаткова нечакана, калі адзначылі літаратурныя здольнасьці мужа, якія ён праяўляе падчас знаходжаньня ў турме», — пракамэнтавала ўзнагароду

Сузаснавальнік вядомых онлайн-выданьняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва «Vondel/Hepta» і былы ўладальнік прасторы «Галерэя Ў» нарадзіўся 14 верасьня 1974 году.

28 ліпеня 2020 году Аляксандар Васілевіч быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў будынку КДБ, куды ён разам зь іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Яго асудзілі на 14 сутак арышту за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваным сходзе.

28 жніўня 2020 году Васілевіча зноў затрымалі. На гэты раз прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. 4 верасьня 2020 году Васілевічу выставілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу. Прычына невядомая, бо з тых, хто мог бы яе назваць, узята падпіска аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва.

7 верасьня 2020 году праваабаронцы прызналі Аляксандра Васілевіча палітычным вязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG