Паводле беларускага боку, пастаўкі адноўленыя з 21 лістапада адпаведна падпісаным кантрактам.
Паводле нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго», беларускія пастаўкі ажыцьцяўляюцца ў тым жа аб’ёме, што і да спыненьня.
Украінскія экспэрты перакананыя, што спыненьне паставак зь Беларусі былі выкліканыя аўтаматычным адключэньнем Беларускай АЭС.
«Гэта азначае, што ў Беларусі не было лішку, каб ажыцьцяўляць пастаўкі на экспарт. Калі падключылі блёк, то і аднавіліся пастаўкі», — сказала Свабодзе экспэртка ў энэргетычных пытаньнях Вольга Кашарна.
Міністэрства энэргетыкі Беларусі 17 лістапада заявіла аб спыненьні з 18 лістапада паставак электраэнэргіі ва Ўкраіну. У той жа дзень стала вядома аб аўтаматычным адключэньні першага энэргаблёку БелАЭС. За дзесяць месяцаў эксплюатацыі энэргаблёк спынялі ўжо восем разоў.
Беларусь пачала прадаваць Украіне электраэнэргію на камэрцыйнай аснове 6 лістапада. За гэты час Украіна набыла больш як 80 мільёнаў кВт-гадзін, а з пачатку 2021 году — 522,6 мільёна кВт-гадзін. Пастаўкі ажыцьцяўляюцца толькі праз прыватныя кампаніі, у тым ліку праз «Тет груп», створаную Віталём Бутэнкам, адным з былых мэнэджараў кампаніі ўкраінскага мільярдэра Рыната Ахметава, і ТАА «ЕЛЕКТРО КОМ’ЮНІТІ» Аляксандра Ткачэнкі (гэтую кампанію зьвязваюць з дэпутатам Яўгенам Шаўчэнкам, які сёлета ў красавіку сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і цяпер кантактуе зь Юрыем Васкрасенскім).
Украіна мусіць пастаўляць электраэнэргію з-за мяжы, каб збалянсаваць працу Аб’яднанай энэргетычнай сыстэмы ва ўмовах дэфіцыту вугалю і сэзоннага павелічэньня спажываньня электраэнэргіі. У той жа час ва ўкраінскай кампаніі «Укренерго» адзначаюць, што пакуль узровень спажываньня на 1,6 % меншы за прагназаваныя паказьнікі і складае крыху больш як 7 мільярдаў кВт∙гдз.