Дзьве тэлефонныя размовы Ангелы Мэркель з Лукашэнкам, таксама дзьве гутаркі міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея з высокім прадстаўніком Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпам Бурэлем, перанос рашэньня аб пятым пакеце санкцый Эўразьвязу адносна беларускіх уладаў — усё гэта сьведчыць, што Брусэль зьмяніў тактыку. Вырашана пачаць дыялёг, торг з афіцыйным Менскам.
З паведамленьня БелТА пра зьмест другой тэлефоннай размовы Мэркель з Лукашэнкам вынікае, што ствараецца нейкая інфраструктура, пляцоўка для такога дыялёгу.
Гэта азначае, што Лукашэнка атрымаў некалькі дывідэндаў, якія маюць хутчэй псыхалягчны характар. Умоўна кажучы, атрымаў маральнае задавальненьне.
Па-першае, адпомсьціў суседзям (Польшчы, Літве, Латвіі) за іх пазыцыю адносна ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, тым, што стварыў для іх сур’ёзныя праблемы.
Па-другое, прымусіў ЭЗ пачаць дыялёг, чаго Эўропа ня вельмі хацела.
Па-трэцяе, дыялёг пачаўся па тым парадку дня, на якім настойваў Менск. Гаворка вядзецца не пра вырашэньне ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі, а пра ўмовы пераадоленьня канфлікту зь мігрантамі на мяжы.
Уласна, пакуль гэтым дывідэнды вычэрпваюцца. Пра адмену санкцый гаворкі няма.
Але і пра разрадку, размарозку сытуацыі на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой таксама інфармацыі няма.
То бок, пакуль будуць ісьці перамовы, захоўваецца статус-кво. Хіба што робяцца крокі па вырашэньні гуманітарнай праблемы зь мігрантамі. ЭЗ гатовы выдзеліць для іх 700 тысяч эўра.
Небясьпечна тое, што Лукашэнка можа прыйсьці да высновы: шантаж мігрантамі працуе, дае эфэкт, гэтым інструмэнтам можна карыстацца і далей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.